Мемарыяльную дошку ўсталявалі на вуліцы Кастуся Каліноўскага на доме, у які патрапіў снарад у пачатку сакавіка 2022 года падчас расейскага ўварвання на поўнач Украіны, піша на сваёй старонцы ў Фэйсбук кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч.
«Гэтая вуліца раней насіла назву дзеяча часоў Другой сусветнай вайны Смірнова. У гонар Кастуся Каліноўскага яе перайменавалі ў 2024 годзе па ініцыятыве дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь», — напісаў Аляксей Францкевіч.
Устаноўку і выраб мемарыяльнай дошкі ініцыяваў і аплаціў дабрачынны фонд «Вільна Білорусь». Асвяціў памятную дошку капелан Яўген Орда.
На памятнай дошцы змешчаная кароткая біяграфія Кастуся Каліноўскага, а таксама ягоная знакамітая цытата: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табой маскаля не будзе».