Батумі: Дзень беларускай культуры на Чорным моры

Каля сотні беларусаў прыйшло на мерапрыемства 5 ліпеня ў Батумі, якое было арганізаванае прадстаўнікамі «Беларускай дыяспары ў Аджарыі».

Хор беларускіх актывістаў спяваў нацыянальныя песні і гімны, можна было паспрабаваць халаднік і беларускую бабку, пачаставацца салам і вішнёўкаю, папіць халоднага хлебнага квасу падчас імпрэзы, якая мела назву Дня беларускай культуры.

Удзельнікі мерапрыемства падзяліліся сваімі ўражаннямі з нагоды гэтага свята:

-Важна не забываць свае карані, сваю культуру, асабліва ў далечыні ад дома. Памятаць сваіх бацькоў, сваю мову.

-Хаця б для таго, каб нас маглі адрозніваць грузіны ад тых жа самых расейцаў. І хоць мы сябруем з украінцамі, але ад іх таксама. Каб разумелі, што мы асобны народ.

-Такія імпрэзы адбываюцца і на іх мы бачым сёння дзясяткі людзей, шмат беларусаў, вельмі шмат дзетак.

-Дзень беларускай культуры – гэта важны дзень, важнае мерапрыемства для нас, беларусаў, дзе б мы не знаходзіліся.

Беларусы і госці імпрэзы, якая адбывалася ў самым цэнтры грузінскага Батумі каля Летняга тэатра,  змаглі прыняць удзел у майстар-класах па каліграфіі і нацыянальных танцах, прывесці на забавы сваіх дзетак, а напрыканцы імпрэзы чытаў вершы Стась Карпаў і спяаваў беларускі рэпер Вожык.

racyja.com