Сяргей Будкін: Ці можна выжыць шляхам стрэлу сабе ў галаву?

«Расія не адпускае беларусаў. Нават падчас вайны. І нават сумленных беларусаў. Там — кантакты, сябры, медыя, аўдыторыя. Там — рынак», — піша лідар беларускай культурнай супольнасці Сяргей Будкін на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

«Складана было прыняць, але можна было знайсці тлумачэнне канцэртам «Сашы і Сірожы» у Маскве і Піцеры вясною і летам 2022-га ці выставе «Бетонны батут» беларускіх незалежных мастакоў у Піцеры. Бо — пляцоўкі незалежныя, усе вакол (нібы) супраць вайны, а мастацтва не мае межаў…

Гастроль беларуса ЛСП па расіі патлумачыць ужо было немагчыма. Гралі музыкі па гарадах расіі, нібы чагосці скраўшы. І проста падчас тура, не адмяняючы канцэртаў, прыбралі з сайту згадкі пра іх, каб замесці сляды. 

Выглядае на тое, што 2023 год будзе багаты на непрыемныя здзіўленні і расчараванні. 

Скажыце, што гэта проста сніцца мне.

…І што Валеры Дайнека з «Беларускімі Песнярамі» не выступаюць на навагоднім аганьку на ртр разам з тымі, хто распальвае і падтрымлівае вайну ва Ўкраіне.

…Што Анатоль Кот на сцэне маскоўскага тэатру не замяніў рускага артыста, які выказаўся супраць вайны.

…І што ў 2023 годзе на расійскіх тэлеканалах не выйдзе адразу дзевяць серыялаў з удзелам Паўла Харланчука…

Кожны хоча выжыць у гэтых няпростых умовах.

Ілюстрацыя: Vladimir Tsesler «Паспорт», 2022 год

Але ў мяне пытанне, ці можна выжыць шляхам стрэлу сабе ў галаву?», — напісаў Сяргей Будкін.

budzma.org