Францішцы Сокалавай было 86 гадоў. Пра смерць паведаміў яе сын.
Большую частку жыцця Францішка Сокалава працавала ў Славянскай бібліятэцы, дзе праз яе рукі прайшлі многія ўнікальныя беларускія старадрукі — напрыклад, віленскае Евангелле Пятра Мсціслаўца.
А пасля таго, як у канцы сямідзясятых у Празе знайшлася невядомая скарыніяна — фрагмэнты «Кнігі Суддзяў» — лёс беларускага першадрукара стаў пажыццёвай даследчыцкай тэмай спадарыні Сокалавай.
Францішка Сокалава — дачка выбітнага філосафа Яна Патачкі, дысідэнта, аднаго з заснавальнікаў «Хартыі-77». Яна пераклала на чэшскую мову творы Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава. Яна шмат чым дапамагала беларусам.
У паведамленні пра яе смерць цытуюцца радкі з паслання апостала Паўла рымлянам:
ні смерць ні жыццё
ні анёлы ні моцы
ні цяпершчына
ні прышласць
ніякія сілы
ні вышняе ні глыбіннае
нішто ва ўсім тварэнні
не зможа адлучыць нас
ад Любові Божае