Працягнуць падтрымку “ўнікальнага тэлеканала “Белсат” і захаваць яго незалежнасць заклікала Святлана Ціханоўская міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага падчас сустрэчы на палях саміту НАТО ў Вашынгтоне.
Пра гэта паведаміў “Позірку” галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.
Таксама яна звярнулася да суразмоўцы з просьбай змякчыць умовы правозу тавараў фізічнымі асобамі праз польска-беларускую мяжу, удакладніўшы апошнія інструкцыі на гэты конт. Кантроль стаў нашмат больш жортскім у сувязі з новымі санкціямі ЕС. Рэагуючы на выказванні міністра аб магчымасці закрыцця мяжы для грузаперавозак, дэмлідар адзначыла важнасць захавання пасажырскага злучэння паміж дзвюма краінамі.
Дэмлідар папрасіла Сікорскага аб працягу выдачы віз, у першую чаргу гуманітарных, а таксама іншых тыпаў. Раней Польшча істотна скараціла колькасць віз беларусам.
Суразмоўцы абмеркавалі лёс актывіста Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў. Ціханоўская заклікала трымаць пытанне на парадку дня і дабівацца вызвалення ўсіх незаконна асуджаных у Беларусі.
Сярод іншага былі абмеркаваныя бягучы саміт НАТО, супольныя мерапрыемствы падчас генасамблеі ААН, а таксама правядзенне польска-беларускай канферэнцыі на пачатку наступнага году, адзначыў Вячорка.
Ціханоўская “падзякавала міністру за цвёрдасць і рашучасць у дачыненні да рэжыму, а таксама за падтрымку свабоднай Беларусі”.
4 ліпеня стала вядома, што тэлеканал “Белсат” плануецца ўключыць у склад новай медыяструктуры, якая ствараецца на базе Польскага грамадскага вяшчання (TVP) — Цэнтра замежных праграм (ЦЗП).
Мяркуецца, што ў склад ЦЗП увойдуць таксама расійскі канал “Вось Так” і “ўкраінская рэдакцыя”, якая пачне працаваць 1 сакавіка 2025 года. Кіраваць ЦЗП будзе TVP World.
Ціханоўская наведвае Вашынгтон 9–12 ліпеня, дзе бярэ ўдзел у мерапрыемствах саміту НАТО.