«Час сэканд хэнд» Святланы Алексіевіч увайшоў у сто найлепшых кніг XXI стагоддзя па версіі The New York Times

Святлана Алексіевіч. Фота: Elke Wetzig

Пятая частка мастацка-дакументальнага цыкла «Галасы ўтопіі» — эпас «Час сэканд хэнд» беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч — трапіла ў рэйтынг The New York Times Book Review «100 найлепшых кніг ХХІ стагоддзя». Твор Нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры ўвайшоў у спіс выбітных кніг першай чвэрці бягучага веку, складзены па выніках галасавання 503 пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў, публіцыстаў, рэдактараў, выдаўцоў, перакладчыкаў.

«Час сэканд хэнд», які часам жанрава акрэсліваюць як «трагічны эпас савецкага народа», прадстаўлены ў рэйтынгу The New York Times наступным чынам:

«З усіх грандыёзных няўдалых эксперыментаў XX стагоддзя нешматлікія скончыліся больш бясслаўна, чым амбіцыйная імперыя, вядомая на працягу няпоўных сямі дзесяцігоддзяў як СССР. Гібель мары пра камунізм адлюстроўваецца ў вуснай гісторыі лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алексіевіч і яе бясстрашным партрэце людзей, якія перажылі савецкую дзяржаву (ці не перажылі) — былыя зняволеныя, чыноўнікі Камуністычнай партыі, звычайныя грамадзяне ўсіх масцяў — гэта чытво, якое захапляе і адкрывае вочы».

Фота: amazon.com

The New York Times Book Review прапануе чытачам рэйтынгу крыху інтэрактыўнасці. Пасля кожна творa, якія трапіў у спіс, можна выбраць опцыі: чытаў кнігу ці не чытаў. У першым варыянце чытачу раіцца блізкі па тэме літаратурны твор, у другім — набыць кнігу на розных лічбавых пляцоўках.

На дадзены момант The Book Review апублікаваў назвы 59 кніг са 100 у спісе (з 100 па 41 месца): цягам тыдня выданне штодня выкладвае 20 твораў, якія трапілі ў рэйтынг.

Спіс «найбольш уплывовых кніг эпохі» фарміраваўся праз апытанне сотняў празаікаў, пісьменнікаў, публіцыстаў, навукоўцаў, рэдактараў кніг, журналістаў, крытыкаў, выдаўцоў, паэтаў, перакладчыкаў, прадаўцоў кніг, бібліятэкараў ды іншых літаратурных карыфеяў.

Рэспандэнтам дазвалялася вызначаць «10 найлепшых кніг», сыходзячы са свайго меркавання. Для некаторых гэта азначала проста «ўлюбёныя кнігі»; для іншых — кнігі, якія чыталі і будуць чытаць некалькі пакаленняў. Адзінае правіла — твор мусіць быць апублікаваны ў Злучаных Штатах на англійскай мове не пазней за 1 студзеня 2000 года.

У апытанні прынялі ўдзел: Стывен Кінг, Боні Гармус, Клаўдыя Рэнкін, Джэймс Патэрсан, Сара Джэсіка Паркер, Карл Уве Кнаўсгаард, Элін Хільдэрбранд, Томас Чатэртан Уільямс, Раксана Гей, Марлон Джэймс, Сара Маклін, Мін Джын Лі, Джонатан Летэм і Джэна Буш Хагер ды іншыя творцы.

Пазнаёміцца з актуальным рэйтынгам можна тут.

Набыць «Час сэканд хэнд» Святланы Алексіевіч — тут і тут.

reform.news