Праграма Радыё Рацыя “Месца для прэсы” будзе гучаць на хвалях латвійскага Радыё-4

Праграма Беларускага Радыё Рацыя “Месца для прэсы” будзе гучаць на хвалях латвійскага Радыё-4. Анна Строй – галоўная рэдактарка латвійскага Радыё-4 гутарыць з Racyja.com.

Фота: скрыншот відэа Latvijas Televīzija

РР: У нас будзе больш слухачоў. Пашыраецца і вяшчанне латвійскага Радыё-4. Раскажыце пра гэтую канцэпцыю. На каго скіраваныя вашыя перадачы?

Анна Строй: Перадусім, мы канал грамадскага латвійскага радыё. Мы імкнемся працаваць у інтарэсах грамадства, а не палітыкі. У нас існуе такое паняцце, як грамадскі заказ – у ім заўжды прысутнічае ідэя таго, што на хвалях латвійскага Радыё-4 мусяць гучаць розныя мовы – мовы тых народаў, якія жывуць у Латвіі. У нас заўжды былі беларускія перадачы, дакладней, гэта была адна перадача “Світанак”, і яна была падрыхтаваная сіламі нашага нацыянальна-культурнага таварыства і расказвала пра лакальныя мерапрыемствы культурнага плана захоўвання роднай культуры, роднай мовы. Але, канешне, пасля 2020 года нам хацелася  павялічыць сваё беларускае вяшчанне. І вось зараз такая магчымасць у нас ёсць, у тым ліку дзякуючы вам, дзякуючы праграме “Месца для прэсы.”

І ўвогуле гэта зараз вельмі настойлівае патрабаванне і палітыкаў, і часткі латвійскага грамадства спыніць дамінаванне расейскай мовы. У нас прыкладна 54,5 тысячы беларусаў у Латвіі, і менш за 1% размаўляюць у сем’ях на беларскай мове. Тым не менш, мы вельмі хочам, каб гучала менавіта беларуская мова, бо для нас гэта мае вялікі сімвалічны сэнс. І мы лічым, што нават, калі чалавек не разумее ці не выкарыстоўвае кожны дзень у сваёй сям’і родную мову, мову сваіх продкаў, тым не менш, для сапраўдных беларусаў важна, каб на хвалях гучала ягоная мова. У тым ліку, мы зараз думаем і пра пашырэнне вяшчання на ўкраінскай мове. Гэта ў нас задачы, пастаўленыя палітычнай уладай, але пры гэтым, мы, як калектыў радыё, падзяляем іх і гатовыя ўвасабляць іх у жыццё.

РР:  Як выглядае медыйная прастора  ў Латвіі? У Беларусі дамінуюць дзяржаўныя СМІ, а незалежныя – выпіхнутыя з краіны. Але ў Латвіі, відаць, ёсць іншыя праблемы ў журналіствў?

Анна Строй: Гэта праўда, гэта жорсткае спаборніцтва з тымі, каго мы называем грамадскімі журналістамі, блогерамі ці інфлюэнсерамі. Бо часам прафесійная журналістыка, якая скіраваная на праверку фактаў, перадусім, на тое, каб атрымаць каментар першакрыніцы, мы прайграем у аператыўнасці. Таму ў нас такія праблемы. Але пры гэтым я лічу, што зараз рынак прэсы, радыё і тэлебачання вельмі моцна скарачаецца, перадусім, праз інтэрнэт-парталы, а зараз ужо – праз сацыяльныя медыя.  

РР: Дзе шукаць Латвійскае радыё-4?

Анна Строй: Я б хацела парэкламаваць платформу аб’яднаных грамадскіх СМІ латвійскіх – зараз яна называецца rus.lsm.lv. Але ў свеце таго, пра што мы казалі, хутка партал памяняе сваю назву, ён будзе называцца lsm. plus. І там можна знайсці і нашае радыё і тэлебачанне.

Цалкам гутарка:

Паралельна прэм’ера гэтай перадачы гучыць у эфіры «Радыё Рацыя» і ў Радыё-4 а 19.05 латвійскага і беларускага часу, а 18.05 польскага часу кожны чацвер. Прэм’ера мела месца у мінулы чацвер – 4 ліпеня.

На сумежжы з Беларуссю Радыё-4 чуваць на частотах 88,7 (Даўгаўпілс), 94,5 (Скайста), 104,2 (Рэзэкне).

racyja.com