Amnesty International заклікала вызваліць Бяляцкага на фоне паведамленьняў аб пагаршэньні ягонага здароўя

Алесь Бяляцкі. Ахіўнае фота

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня, знаходзіцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году.

На фоне паведамленьняў аб пагаршэньні здароўя палітзьняволенага Алеся Бяляцкага Мэры Струзэрс, дырэктар рэгіянальнага офісу Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі, сказала:

«Рыхтуючыся адзначыць тры гады з дня затрыманьня Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў, мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя іх здароўем. Мы яшчэ раз патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызваленьня і настойліва просім даць ім неадкладны доступ да адэкватнай мэдыцынскай дапамогі, іхных адвакатаў і сваякоў».

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня.

Палітвязень адбывае пакараньне ў калёніі № 9 у Горках. У лістападзе 2023 году Алеся Бяляцкага на паўгода зьмяшчалі ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу, якім караюць за парушэньне парадкаў у калёніі.

Ёсьць зьвесткі, што Алесь Бяляцкі не атрымлівае карэспандэнцыі ад сваякоў і сяброў і што ніводнага разу ў палітвязьня не было відэазванкоў са сваякамі.

Таксама стала вядома, што адміністрацыя калёніі адмаўлялася прыняць пасылкі з мэдыкамэнтамі ад сваякоў Бяляцкага. Такім чынам яна паставіла пад пагрозу стан здароўя палітвязьня, на які ўжо паўплывала папярэдняе палітычна матываванае зьняволеньне, адзначае Amnesty International.

«Працяглае затрыманьне Алеся і яго калегаў — ня што іншае, як абуральнае злоўжываньне сыстэмай крымінальнага правасудзьдзя, накіраванае на задушэньне іншадумства і прыгнечаньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве Amnesty International.

svaboda.org