Вечарына памяці па беларускім мастаку, рэстаўратару, палітвязню Алесю Пушкіну прайшла ў Вільні 11 ліпеня ў творчай прасторы «Кропка».
У гадавіну яго смерці там адкрылася выстава турэмных малюнкаў мастака, якая будзе доўжыцца да канца ліпеня. Таксама прысутныя маглі пабачыць лісты Алеся Пушкіна з-за кратаў на волю, якія ён пісаў беларусам.
Імпрэза памяці пачалася з выступу праваслаўнага святара Георгія Роя і яго малітвай за душу памерлага.
– Ён пакутнік, ён сведка любові да Радзімы, праўды, Хрыста. Ён быў хрысціянінам, і гэта адзін з чыннікаў, разам з любоўю да Радзімы, што прывёў яго на гэтую Галгофу. Ён перадаў агонь любові да Айчыны, да праўды, якія мы маем адказнасць захаваць і перадаваць.
Падчас вечарыны прысутныя паглядзелі і відэа з пахавання мастака. Паводле спадарыні Аксаны Хіневіч, якая была на пахаванні творцы, шмат людзей пабаяліся прыехаць і развітацца з ім. Яна не бачыла ў гэтым вялікай небяспекі.
– Мне распавядалі вельмі шмат легенд, што столькі людзей затрымалі пасля пахавання, столькі было машынаў міліцыі. Нікога я там не бачыла, нікога! Страх проста ў людзей. Я ніводнай не бачыла машыны чужой, на могілках не было міліцыянтаў, нават мясцовых – усе ж адзін аднаго ведаюць. Вельмі шмат нашых знаёмых пабаяліся ісці на пахаванне.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле
Нагадаем, палітвязень-мастак Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 года ў гарадзенскім шпіталі пасля аперацыі, куды яго прывезлі з турмы. Яму не была своечасова аказаная дапамога, калі ў яго ўзнікла прабадная язва.
Алесю Пушкіну было 57 гадоў. Пахавалі мастака ў яго роднай вёсцы Бобр Крупскага раёна.