У гонар беларускага добраахвотніка назвалі вуліцу ва ўкраінскім Канатопе

Іван «Брэст» Марчук, архіўнае фота

У гонар загінулага беларускага добраахвотніка палка Каліноўскага Івана «Брэста» Марчука назвалі вуліцу ў Канатопе Сумскай вобласьці, паведамляе Полк Каліноўскага ў сваім тэлеграм-канале.

Камандзір батальёну «Волат» Іван «Брэст» Марчук загінуў два гады таму, 26 чэрвеня 2022 году, у баі пад горадам Лісічанск Луганскай вобласьці Ўкраіны. Тады група беларускіх добраахвотнікаў трапіла ў расейскую пастку. Групу «Брэста» абстраляў танк. Іван і ягоныя паплечнікі прынялі бой, у выніку чацьвёра загінулі, а яшчэ дваіх узялі ў палон. Акрамя Івана Марчука, у тым баі загінулі Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік і Вадзім «Папік» Шатроў.

Івана «Брэста» Марчука называлі «абліччам палку Каліноўскага». Як казалі пра яго пабрацімы, Іван — «самы бясстрашны беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне».

Іван Марчук — родам зь Берасьця, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на спэцыяльнасьці «Інжынэр па тэлекамунікацыях», але кінуў вучобу і зьехаў у Парыж, каб далучыцца да Францускага легіёну. Некалькі гадоў праслужыў там.

Ад 2015 году быў на вайне ва Ўкраіне. «Больш за ўсё, калі я прыехаў у зону АТА, мяне захапіла і зьдзівіла тое, як людзі гатовыя ахвяраваць сабой, але нічога не патрабуюць узамен, дзеля ўласнай краіны», — казаў Іван за дзень да сьмерці ў інтэрвію «Радыё Свабода».

Цела Івана, як і астатніх беларусаў, што загінулі ў тым баі, усё яшчэ не аддалі ўкраінскаму боку.

svaboda.org