Важнай часткай працоўнага візіту ў Польшчу для Святланы Ціханоўскай стала сустрэча з беларускімі палітвязнямі. Падрыхтаваць і правесці мерапрыемства ў Беларускім Моладзевым Хабе дапамагла арганізацыя «Вольныя», якая спрыяе вяртанню палітвязняў да паўнавартаснага жыцця пасля вызвалення.
Падчас дыялогу ўдзельнікі шчыра дзяліліся з беларускай лідаркай сваімі гісторыямі – і звярнулі ўвагу на найбольш актуальныя праблемы палітвязняў у Польшчы. Так, людзей турбуюць легалізацыя, пошук працы, адаптацыя ў новай краіне, атрыманне візаў для родных. Некаторыя адзначылі, што дагэтуль не могуць лічыць сябе «былымі» палітвязнямі, бо не маюць магчымасці вярнуцца ў Беларусь з-за пераследу з боку рэжыму.
Беларуская лідарка распавяла пра механізмы працы Міжнароднага гуманітарнага фонду ў падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў. У прыватнасці, размова ішла пра дапамогу і рэабілітацыю для ўсіх, хто зазнаў палітычныя рэпрэсіі ад рэжыму.
Святлана Ціханоўская: «Зараз няпростыя часы для ўсіх нас: патрэбна шукаць і знаходзіць выйсце з сітуацыяў, якія раней многіх не датычыліся. Але пакуль адныя чакаюць пераменаў да лепшага, іншыя працуюць над гэтым кожны дзень.
І я не толькі ўражаная, але і ўдзячная былым палітвязням: нягледзячы на ўсе выпрабаванні, яны працягваюць барацьбу. Толькі аб’ядноўваючы намаганні, мы зможам дабіцца волі для ўсіх несправядліва асуджаных».