Зварот праваабаронцы Судаленкі да Макрона пра лёс Бяляцкага накіравалі ў МЗС Францыі

Леанід Судаленка. архіўнае фота

Судаленка прасіў Макрона выкарыстаць свой аўтарытэт для вызваленьня з турмы ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.

Праваабаронца «Вясны», былы палітвязень Леанід Судаленка атрымаў на сваё імя ліст з ад кіраўніка кабінэта прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона:

«Прэзыдэнт Рэспублікі даручыў мне адказаць на ваш ліст.
Запэўніваем вас, што ваш запыт прыняты да ведама, пра што я паведаміў міністру Эўропы і замежных спраў. Прашу прыняць найлепшыя пажаданьні, Радрыг Фурсі».

Ліст з офіса прэзыдэнта Францыі праваабаронцу зь Беларусі Леаніду Судаленку

У канцы чэрвеня з нагоды адкрыцьця ў Парыжы выставы, прысьвечанай Алесю Бяляцкаму, Леанід Судаленка накіраваў прэзыдэнту Эманюэлю Макрону ліст з прапановай правесьці зь беларускімі ўладамі перамовы аб вызваленьні з турмы самага вядомага беларускага палітвязьня.

«Заклікаю Вас выкарыстаць свой палітычны аўтарытэт на міжнароднай арэне, уступіўшы ў дыялёг зь недэмакратычным урадам Беларусі ў пытаньні вызваленьня з турмы праваабаронцы і ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага», — напісаў у звароце да Макрона праваабаронца Судаленка.

Судаленка: зроблены толькі першыя крокі

Леанід Судаленка ў інтэрвію «Радыё Свабода» гэтак ацаніў адказ з Парыжу:

«Раней я казаў, што мне паведамілі пра атрыманьне майго ліста з канцылярыі Макрона. Цяпер адтуль прыйшоў адказ, зь якога вынікае, што мая прапанова вывучаецца ў Міністэрстве Эўропы і замежных спраў Францыі. Гэтым прамежкавым вынікам я задаволены, бо ўжо вызначаны пэўны шлях па рэалізацыі маёй ініцыятывы. Спадзяюся, яе рух на гэтым ня спыніцца, зроблены толькі першыя крокі», — мяркуе Леанід Судаленка.

Беларускі праваабаронца працягвае настойваць, што трэба мяняць стратэгію барацьбы за вызваленьне палітвязьняў.

«Мяркую, ад патрабаваньня „вызваляйце ўсіх разам“ лепш пакуль адмовіцца, бо ў сёньняшніх умовах гэтае патрабаваньне не выглядае рэалістычным. А вось вырваць з рук сыстэмы некаторых палітвязьняў, якія апынуліся ў дрэнным становішчы, — такое ўяўляецца магчымым.

Пацьвярджэньне — тое, што на на пачатку месяца адбылося з Рыгорам Кастусёвым, яшчэ зь некаторымі палітвязьнямі, якія ўсё ж выйшлі на волю. Таму шанцы дамагчыся вызваленьня Алеся Бяляцкага мне здаюцца таксама рэальнымі. Ён самы вядомы беларускі палітвязень, Нобэлеўскі ляўрэат. Для любой краіны гэта гонар — мець такога чалавека, і мяркую, можна пераканаць кіраўніцтва ў Беларусі, што вызваленьне Алеся Бяляцкага будзе на карысьць усім. Што да мяне, я з такімі аргумэнтамі гатовы і далей грукацца ва ўсе дзьверы — і буду гэта рабіць», — кажа Леанід Судаленка.

Паводле праваабаронцаў «Вясны» стан здароўя Алеся Бяляцкага апошнім часам пагоршыўся. Камунікацыя зь Бяляцкім абмежаваная, сьцьвярджаюць у «Вясьне».

svaboda.org