Кніга пра легендарны рок-гурт «Нейра Дзюбель» хутка выйдзе з друку. Ужо можна зрабіць перадзамову

Неўзабаве выйдзе з друку новае, кардынальна пераробленае і дапоўненае выданне біяграфіі легендарнага беларускага рок-гурта «Нейра Дзюбель», паведамляе выдавецтва «Янушкевіч» на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

Кніга выходзіць ў цвёрдай вокладцы, альбомнага фармату і на мелаванай паперы.

«Сваякам і знаёмым Аляксандра Кулінковіча пашчасціла знайсці старыя непраяўленыя плёнкі з «дзевяностых». І гэта — сапраўдны скарб!

У кнізе здымкі публікуюцца ўпершыню. А яшчэ — рэцэнзіі на кожны нейрадзюбелеўскі альбом ад музычнага эксперта Алега Клімава. Ужо гэта робіць выданне ўнікальным», — адзначаюць у выдавецтве.

Наклад кнігі абмежаваны — усяго 300 асобнікаў.

Папярэдні заказ на кнігу ўжо адкрыты. Да 25 ліпеня кнігу можна замовіць па спецыяльным кошце 69,90 злотых.

Старт продажаў плануецца на 27 ліпеня ў кнігарні «Кнігаўка» (Варшава, ul. Kłopotowskiego 4), сайце knihauka.com і пляцоўках выдавецтва на Allegro i Amazon.

budzma.org