Эстонія ўслед за Латвіяй і Літвой забараняе ўезд аўто на беларускіх нумарах

У пункце пропуску / ТАСС

Эстонія закрывае ўезд на тэрыторыю сваёй краіны для беларускіх аўтамабіляў. Пра гэта гаворыцца ў заяве эстонскага МЗС. Раней такое ж рашэнне прынялі ўлады Літвы і Латвіі.

Забарона была ўведзена ў рамках чарговага пакета санкцый ЕС. У Таліне лічаць такое рашэнне правільным, паколькі беларускі рэжым дапамагае Расіі весці вайну ва Украіне.

“Пры сумеснай рэалізацыі абмежаванні больш эфектыўныя і даюць магчымасць павысіць цану садзейнічання агрэсіі для беларускага рэжыму і не дапусціць ухілення ад санкцый, уведзеных супраць Расіі”, — заявіў міністр замежных спраў краіны Маргус Цахкна. Пры гэтым міністр падкрэсліў, што Эстонія і ў далейшым мае намер падтрымліваць тых беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць краіну з-за рэпрэсій.

У МЗС Эстоніі таксама адзначылі, што машыны на беларускіх нумарах, якія выкарыстоўваюцца на тэрыторыі краіны, трэба будзе перарэгістраваць — “у тэрмін ад пяці дзён да 12 месяцаў, у залежнасці ад сітуацыі”. У адваротным выпадку аўтамабіль будзе зняты з руху, а ўладальніку пагражае штраф.

Нагадаем, з сённяшняга дня Літва забараняе ўезд легкавых аўтамабіляў на беларускіх нумарах на сваю тэрыторыю. Раней аналагічнае абмежаванне ўвяла Латвія.

euroradio.fm