Адвакат, палітвязень і літаратар Максім Знак увайшоў у шорт-ліст намінантаў штогадовай Прэміі “Парушэнне спакою”, якая выдаецца адважнаму пісьменніку ў небяспецы і арганізуецца Цэнтрам Вацлава Гавэла.

Прэмія адзначае аўтараў выбітных твораў мастацкай літаратуры, літаратурнай публіцыстыкі, біяграфій, мемуараў, драматургіі або паэзіі, якія праяўляюць мужнасць у іншадумстве і зазналі несправядлівы пераслед за сваю адкрытую абарону дэмакратыі і правоў чалавека, паведамляе Беларускі ПЭН.

Максім Знак – адвакат, навуковец, пісьменнік, палітзняволены, які адбывае 10-гадовы тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму па беспадстаўных абвінавачаннях. Аўтар кнігі дакументальнай прозы “Зэкамерон”, якая нядаўна была перавыдадзеная.

Разам з беларускім аўтарм у кароткі спіс прэміі “Парушэнне спакою” увайшло яшчэ 3 аўтары: Söyüngül Chanisheff (Уйгурыя / Кітай), Arundhati Roy (Індыя) і Toomaj Salehi (Іран).

У 2021 годзе гэтую прэмію атрымаў беларускі паэт Дзмітры Строцаў.

bellit.info