Беларускі інстытут публічнай гісторыі зарэгістраваны ў Польшчы

Беларускія гісторыкі і даследчыкі ў выгнанні зарэгістравалі ў Польшчы ўласную грамадскую арганізацыю — «Беларускі інстытут публічнай гісторыі». Рашэнне аб рэгістрацыі прыняў акруговы суд Варшавы 4 ліпеня, напісана ў тэлеграм-канале арганізацыі.

Галоўныя мэты Беларускага інстытуту публічнай гісторыі — падтрыманне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, стварэнне погляду на мінулае без аўтарытарных і ідэалагічных установак, захаванне памяці пра трагічныя перыяды гісторыі Беларусі, фармуляванне бачання на складаныя і неадназначныя тэмы гісторыі нашай краіны, а таксама папулярызацыя і прасоўванне нацыянальнага гістарычнага наратыву у Беларусі і на міжнародным узроўні.

Узначальваюць інстытут акадэмічны дырэктар, кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі і старшыня праўлення, журналіст, даследчык сталінскіх рэпрэсій Ігар Станкевіч.

У склад інстытуту таксама ўвайшоў шэраг спецыялістаў у галіне гісторыі. У траўні арганізацыя стварыла ўласныя тэлеграм і youtube каналы.

budzma.org