«Белсат» мае праблемы з сайтам, аплікацыямі, вяшчаньнем на YouTube

Мікрафон журналіста «Белсату»

Нейкі час сайт каналу працаваў на «мінімальным рэжыме працы».

Пра тэрміны абмежаваньняў канал не паведамляе.

«Паважаныя чытачы! Праз шматлікія тэхнічныя праблемы сайт „Белсату“ пераходзіць на мінімальны рэжым працы. Мы спадзяёмся, што ў хуткім часе рэдакцыі ўдасца вырашыць усе пытаньні і вярнуцца ў звыклы для нас фармат выхаду матэрыялаў. Просім прабачэньня за нязручнасьці», — гаворыцца ў абвестцы.

Пасьля 9-й гадзіны 24 ліпеня кіраўнік тэлеканалу Аляксей Дікавіцкі паведаміў, што «парталы ўжо атрымалася пакуль вярнуць у звычайны рытм працы».

Апрача работы парталаў, прызнаў Дзікавіцкі, не працуюць аплікацыі, ёсьць праблемы са сталым трансляваньнем перадач на YouTube.

«На вялікі жаль, сама каманда Белсат TV мае на гэтую сытуацыю вельмі абмежаваны ўплыў, а праўду кажучы, амаль ніякага».

Раней тэлеканал сутыкнуўся з праблемамі пасьля таго, як новы польскі ўрад зрабіў рэарганізацыю грамадзкіх СМІ, у тым ліку Польскай тэлевізіі (TVP), да якой адносіўся «Белсат».

На мінулым тыдні польскі партал Onet паведаміў пра абвінавачаньні ў бок мэнэджараў «Белсату» — іх падазраюць у фінансавых махінацыях падчас заключэньня дамоваў на IT-паслугі.

У адказ кіраўніцтва «Белсату» выступіла з заявай, у якой выказала пратэст супраць абвінавачаньняў. Аўтары заявы адзначылі, што ім удалося стварыць самастойную сыстэму абароны і праграмы для пашырэньня мультымэдыйнасьці каналу. Аргумэнт, што група TVP зазнала стратаў, выдаткоўваючы грошы на бясьпеку дзейнасьці каналу ў інтэрнэце, аўтары заявы назвалі «зусім недарэчным».

svaboda.org