Пра гэта ён даведаўся ад сваякоў, да якіх прыходзілі з роспытамі пра месца знаходжання актывіста. Таксама следчыя цікавіліся маёмасцю Дзмітрыя Карняенкі, аднак не знайшлі нічога, што можна было б апісаць. Прычым гэта не першы візіт з мэтай апісаць ягоную маёмасць: упершыню такое адбылося ў 2021 годзе, калі супраць Дзмітрыя Карняенкі распачалі справу з паводле артыкула 361-1 Крымінальнага Кодэкса.
«Гэтыя два тыдні следчыя наведваюць родных у Віцебску і Оршы. Як я зразумеў, вытворчасць па маёй папярэдняй справе (арт. 361-1 КК РБ — Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) не змаглі пацягнуць, бо апытвалі цяпер па 361-4 – Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці. Разумею хлопцаў: збіраць доказы — справа нялёгкая. Таму рашылі ісці шляхам папрасцей. Ставяць у віну інтэрв’ю «Белсату», – напісаў актывіст у Фэйсбуку.
Дзмітрый Карняенка – удзельнік працоўнай групы «Хрысціянская візія». Ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ў верасні 2021 года, калі ў дачыненні да яго завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 361 КК. Тады ў Віцебску затрымалі цэлую групу актывістаў, і некалькі чалавек пазней асудзілі за палітычныя перфомансы і відэаролікі. Тую крымінальную справу супраць Карняенкі некалькі разоў спынялі і зноў аднаўлялі на патрабаванне пракуратуры.
Перад тым жыхара Віцебска шмат разоў судзілі па адміністрацыйных справах (паводле тагачаснага артакула 24.23 КаАП) – за ўдзел у так званых несанкцыянаваных мерапрыемствах. У 2020-21 гадах над Дзмітрыем Карняенкам правялі каля дзясятка судоў, два з іх скончыліся штрафамі, пяць – «суткамі», пра вынікі астатніх актывіст не ведае, бо вырашыў на іх не хадзіць.