«Палітычныя амбіцыі я маю. Але на сённяшнім этапе развіцця грамадства і гістарычнай сітуацыі я не бачу для гэтага рэалізацыі».
У новым выпуску ТОКу кіраўнік фонду салідарнасці «Байсол» Андрэй Стрыжак выказаў свой погляд на палітычны лад Беларусі.
«З прэзідэнтам як пасадай трэба штосьці рабіць. Мне не надта падабаецца ідэя, што ў нас будзе яшчэ адзін Лукашэнка. Гэта мая асабістая траўма, думаю, што шмат у каго яна ёсць», — адзначае Стрыжак і дадае, што ён бачыць у будучым Беларусь як парламенцкую рэспубліку. Але і ў ёй ёсць небяспека ператварэння ў алігархію.
«У любым выпадку я лічу, што больш людзей, якія прымаюць рашэнні, лепш, чым менш людзей, якія прымаюць рашэнні. Бо гэта дэмакратыя, магчымасць плюралізму думак, магчымасць нікога не выкінуць з працэсу».
«Я, можа быць, і бачу сябе ва ўладзе Новай Беларусі, але гэта дакладна не нешта кшталту прэзідэнцкай штукі», — падкрэслівае Стрыжак і дадае, што ён мог бы працаваць у камандзе, якая будзе займацца прыцягненнем інвестыцый у краіну, альбо ў парламенце.
«Палітычныя амбіцыі я маю. Але на сённяшнім этапе развіцця грамадства і гістарычнай сітуацыі я не бачу для гэтага рэалізацыі», — гаворыць Стрыжак.