Гомельскі гісторык выявіў у кракаўскім архіве капэрту, якая мяняе погляд на гісторыю беларускай пошты

Гомельскі гісторык Яўген Малікаў выявіў у кракаўскім архіве капэрту з выявай аднаго з найбольш старых паштовых штэмпеляў Гродна канца XVIII ст., піша Мова Гомель.

Кожны, хто працуе ў архівах і бібліятэках у пошуках гістарычных дакументаў, ведае, што паралельна са знаходкамі па сваёй асноўнай навуковай тэме заўжды трапляецца мноства цікавых дробных фактаў па абсалютна розных і незвязаных паміж сабой падзеях, але нечым прыцягальных і запамінальных. Такія мілыя для даследчыцкай душы гістарычныя дробязі, якія ў сваю навуковую працу не ўставіш, але і праігнараваць неяк шкада.

Некалькі тыдняў таму, працуючы ў гістарычных архівах Кракава ў пошуках дакументаў па гісторыі і архітэктуры паўднёва-ўсходняй Беларусі, найперш Гомельшчыны, мне трапіўся такі цікавы «артэфакт» у архіве Польскай акадэміі навук і Польскай акадэміі ўменняў (Archiwum Polskiej Akademii Nauk i Polskiej Akademii Umiejętności; PAU i PAN).

Гэта прыватны ліст, які быў напісаны 14 кастрычніка 1778 г. у Гродна нейкім шляхціцам панам А. Шукевічам і адпраўлены ў Вільню да пана Юзафа Машэўскага, канюшага смаленскага. Артэфакт дастаткова банальны для канца XVIII ст., у змесце ліста нічога цікавага для маіх навуковых тэмаў не выявілася (збольшага там абмяркоўваліся справы лакальнага палітычнага характару), але ўвагу прыцягнуў круглы штэмпель з выявай кароны, паштовага рога і надпісам «Grodno», які быў змешчаны на вуглу капэрты.

Трэба ўлічыць, што звыклыя для нас штэмпелі з датамі, якімі і сёння на пошце прыпячатваюцца маркі на нашых лістах (гасяцца, каб паўторна не выкарыстоўваліся), шырока распаўсюдзіліся толькі пасля з’яўлення саміх паштовых марак — гэта значыцца пасля 1840 г. для Вялікабрытаніі (дата з’яўлення першай паштовай маркі «Чорны пені»), і пасля 1857 г. для Расейскай імперыі, у склад якой у сярэдзіне XIX ст. уваходзіла і Беларусь.

А вось да з’яўлення наклейваемых паштовых марак выкарыстоўваліся іншыя спосабы пазначэння аплаты паштовых паслуг, якія пазнейшыя даследчыкі так і назвалі — «дамарачныя знакі паштовай аплаты». Да іх адносіліся розныя знакі, у тым ліку спецыяльныя пячаткі, якія наносіліся на капэрты альбо на самі адмыслова складзеныя лісты паведамленняў. У выяўленым у архіве PAU i PAN выпадку мы маем справу з капэртай, у якую ўкладваўся ліст з тэкстам паведамлення, а вугал самой капэрты прапячатаныя такім штэмпелем. 

Тут варта адзначыць, што ўвогуле першыя паштовыя штэмпелі з’явіліся ў Англіі ў 1661 г. і вядомы даследчыкам, як «штэмпелі Бішопа», названыя ад імя іх стваральніка. У далейшым, у сувязі з удасканальваннем паштовай службы Вялікабрытаніі, мяняліся і ўдасканальваліся і выкарыстоўваемыя ёю паштовыя штэмпелі. Даследчык С. Прыгара ў сваёй працы «Русская почта в империи, в Турции, в Китае и почта в Царстве Польском», выдадзенай у 1941 г. паведамляе, што ў суседняй адносна Рэчы Паспалітай Расейскай імперыі першыя паштовыя штэмпелі былі ўведзены пры рэформе Паштовага ведамства ў 1782 г., іншыя даследчыкі называюць трохі ранейшую дату — 1767 г.

З’яўленне выяўленага гродзенскага штэмпеля павязана з падзеямі часоў праўлення караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764-1795 гг.). У Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст., пасля першага падзелу краіны ў 1772 г., актыўна пачалі праводзіцца разнастайныя рэформы, накіраваныя на аздараўленне эканамічнага і палітычнага жыцця краіны — уводзіліся агульнадзяржаўныя меры вагі, даўжыні і аб’ёму, адзінае мыта, паляпшаліся старыя і пракладваліся новыя гандлёвыя шляхі, у тым ліку, напрыклад, пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты, судаходныя Агінскі і Каралеўскі каналы, што злучалі рэкі басейнаў Дняпра і Нёмана, а адпаведна Чорнае і Балтыйскае мора, а таксама шмат іншых. Рэфармаванню падлягала таксама і сістэма паштовай службы Рэчы Паспалітай, адной з праяваў чаго і стаў выяўлены ў кракаўскім архіве штэмпель на капэрце, які з’яўляецца элементам упарадкавання і стандартызацыі дзяржаўнай сістэмы аплаты за паштовыя паслугі.

Знешне выява выглядае як тыповы і звыклы для нас паштовы штэмпель, толькі без даты, але з назвай горада, каралеўскай каронай як пазнакай дзяржаўнай службы і трубой-рогам як сімвалам пошты. Але трэба ўлічваць, што дадзены ліст быў адпраўлены з Гродна ў кастрычніку 1778 г. і гэта, мяркуючы па ўсяму, выява аднаго з найбольш старых паштовых штэмпеляў не толькі для Гродна, але і для ўсёй Беларусі.

На жаль, не атрымалася высветліць, ці быў падобны штэмпель апублікаваны раней у працах даследчыкаў гісторыі пошты на беларускіх землях, але ў любым выпадку дадзеная знаходка можа быць карыснай для беларускіх і гродзенскіх даследчыкаў, якія займаюцца даследаваннем адпаведнай тэматыкі.

budzma.org