У Бельску прайшла прэм’ера фільму, прысвечанага Надзеі Артымовіч

Прэм’ера дакументальнага фільма “Пабыць у часе, які прайшоў” пра асобу і паэзію Надзеі Артымовіч, адбылася ў Бельскім доме культуры.

Паказ прайшоў учора ў рамках юбілейнага 30-га фестывалю “Спасаўскія запусты”, які пачаўся  ў Бельску Падляшскім.

У фільме можна ўбачыць і пачуць Надзею Артымовіч, паслухаць песні на яе вершы барда Алега Кабзара. Але ў аснове сваёй карціна сатканая з выказванняў тых, хто быў знаёмы з Надзеяй Артымовіч, на каго значны ўплыў аказала яе паэзія.

А вось рэжысёр стужкі Марэк Уладзіміраў не толькі асабіста не знаўся з паэткай, а нават нічога пра яе не ведаў. Таму яму адкрывалася постаць знакамітай бяльшчанкі ў працэсе працы над дакументальнай стужкай.

Кажа дырэктарка Бельскага дома культуры Эльжбета Фіёнік:

-Гэта ёсць, праўду кажучы, інтэрв’ю з рознымі людзьмі, якія супрацоўнічалі з Надзяй, ведалі яе, спроба разумення яе творчасці. У гэтым фільме выказваюцца проста пра яе асобу, пра яе філасофію. Я думаю, і вершы, якія яна пісала, і гэты сцэнар фільма, ён сціплы, як сціпла да важнага слова ставілася Надзя.

У Бельскім доме культуры ўжо плануюцца наступныя паказы дакументальнага фільма пра Надзею Артымовіч. Чакаецца, што фільм будзе ўключаны таксама ў праграму сёлетняй “Бардаўскай восені”.

racyja.com