«Мне падалося, што ён баязлівы чалавек, сістэмны чалавек».
Некалькі месяцаў таму экс-пасол Беларусі ў Германіі Дзяніс Сідарэнка скончыў жыццё самагубствам, выкінуўшыся з акна.
Палітолаг і былая выкладчыца БДУ Роза Турарбекава ў новым выпуску ТОКу расказала, што пазнаёмілася з Сідарэнкам на курсах для супрацоўнікаў дыпламатычнага корпусу Беларусі, на якія таксама накіроўвалі студэнтаў і выкладчыкаў факультэта міжнародных адносін БДУ.
«Я задавала яму дастаткова вострыя пытанні. Мне падалося, што ён чалавек абсалютна лаяльны (гэта і зразумела, бо ў МЗС іншых не трымаюць). Але, акрамя гэтага, ён дастаткова баязлівы. Яму было вельмі нязручна адказваць на мае пытанні. Ён сыходзіў ад адказу», —
расказвае Турарбекава і прыгадвае, што яе пытанні тычыліся падзей 2006 года і наступстваў Плошчы-2006.
«Мне падалося, што ён вельмі баязлівы чалавек, вядзёны, абсалютна апаратны, сістэмны чалавек», — выказвае яна сваё меркаванне.
Турарбекава заўважае, што выпадак з Сідарэнкам сведчыць аб тым, што беларускія дыпламаты працуюць у вельмі цяжкіх умовах.
Палітолаг таксама не верыць у тое, што былы міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей памёр сам.
«Я веру ў тое, што яго давялі, што яго мог хапіць удар», — гаворыць Роза і адзначае, што ў яе ёсць інфармацыя, што Макей «быў у дастаткова цяжкім псіхалагічным стане пасля выбараў 2020 года».
Яна не стала ўдакладняць, што мелася на ўвазе, дадаўшы, што шмат хто з дыпламатаў гаварыў аб тым, што міністр быў «у сумным настроі».