Ягораў і Пракоп’еў хочуць, каб да жніўня 2025 Ціханоўская правяла выбары лідара дэмакратычных сілаў

Андрэй Ягораў і Вадзім Пракоп’еў заклікалі правесці выбары лідара дэмакратычных сілаў. Яны бачаць у апазіцыі крызіс і перакананыя, што гэта найлепшы спосаб пераадолець яго.

«Выбары — аснова дэмакратыі. Дэмакратычныя сілы маюць правераную платформу Паўла Лібера, якая даказала сваю бяспеку на выбарах у Каардынацыйную раду. … Цяпер важна ўлічыць мінулыя недахопы і прыцягнуць больш выбаршчыкаў.

Выбары не толькі пацвердзяць мандат лідара, але і дазволяць выбарцам выбраць найбольш эфектыўную перадвыбарчую праграму і адсочваць яе рэалізацыю. Мы ўпэўненыя, што да жніўня 2025 года, калі мінаюць паўнамоцтвы дзейнага лідара, дастаткова часу для якаснай падрыхтоўкі і правядзення выбараў», — гаворыцца ў заяве блока. 

Ягораў і Пракоп’еў мяркуюць, што арганізаваць такія выбары павінна Святлана Ціханоўская.

Яны не згодныя з тым, што нізкая яўка аслабіць міжнароднае прызнанне.

«Заходнія партнёры кіруюцца выключна сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, а не ўнутранымі паказчыкамі дэмакратычных сілаў ва ўмовах рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі. Для іх важнейшая наша прыхільнасць дэмакратыі, празрыстасці і змяняльнасці ўлады», — запэўніваюць яны.

Нагадаем, што на канферэнцыі «Новая Беларусь», якая прайшла 3-4 жніўня, быў падпісаны сумесны пратакол, паводле якога Святлана Ціханоўская абвяшчаецца нацыянальным лідарам да моманту правядзення сумленных выбараў у Беларусі.

Некалькі фракцый у Каардынацыйнай радзе, а таксама некаторыя палітычныя групы запярэчылі гэтаму. Блок «Беларусы» Ягорава і Пракоп’ева заявіў, што мандат Ціханоўскай скончыцца 9 жніўня 2025 года, у пятыя ўгодкі апошніх прэзідэнцкіх выбараў. 

Блок Ягорава — Пракоп’ева набраў на выбарах у Каардынацыйную раду 1050 галасоў (усяго ўдзел у выбарах узялі 6723 чалавекі). Тыя выбары выйграў блок Паўла Латушкі, за які прагаласавалі 2358 чалавек.

nashaniva.com