Алена Маслюкова: Рэпрэсіі не зменшыліся

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і ў прыватнасці ў Гомельскай вобласці нагадвае нацысцкую Германію падчас Другой сусветнай вайны. Пра затрыманні, праверкі, ператрусы, арышты, прысуды, кіданні ў турмы з жахлівымі ўмовамі, звальненні з працы і выцісканне з краіны, па сутнасці, лепшых грамадзян, Racyja.com размаўляе з праваабаронцай Аленай Маслюковай.

РР: Раскажыце пра сітуацыю з правамі чалавека ў Гомельскай вобласці.

Алена Маслюкова: Гэта даволі праблемны рэгіён у сэнсе правоў чалавека. І калі казаць пра агульную сітуацыю з правамі чалавека ў Гомельскай вобласці, то можна сказаць, што ўладамі там любыя правы чалавека ігнаруюцца.

Калі чалавек, як ён кажа, па-за палітыкай, то тады, мякка кажучы, на яго ўвагі не звяртаюць, але гэта толькі падаецца. Насамрэч гэта не так. Ёсць інфармацыя, што ў Гомельскім рэгіёне па прадпрыемствах часам бывае праходзяць сілавікі альбо супрацоўнікі ўстаноў, якія маюць шчыльныя кантакты з сілавымі структурамі, праводзяць дагляды тэлефонаў, асабістых рэчаў людзей. І вельмі часта бывае, калі ў тэлефонах знаходзяць альбо старыя падпіскі, альбо сучасныя падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, якія незаконная ўлада прызнала экстрэмісцкімі. Таму ў Гомельскім рэгіёне вельмі шмат адміністрацыйных працэсаў па другой частцы артыкула 19.11. Гэта артыкул, які звязаны з пераследам за чытанне або знаёмства з альтэрнатыўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі. Звычайна гэта бывае 15 сутак альбо вельмі вялікія штрафы. І, на жаль, намі заўважаная тэндэнцыя, што пэўная частка людзей, якія былі прыцягнутыя па гэтым артыкуле, потым не выходзілі з ІЧУ і пераводзіліся ў СІЗА, таму што супраць іх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы.

Вось прыкладна такая сітуацыя была з бацькам палітвязня Мікіты Залатарова. Нам было вядома, што Міхаіла затрымалі, што ў яго запар было некалькі разоў суткі, па 15. І зараз ён знаходзіцца ў СІЗА, і ўжо аб’явілі нават дату разгляду яго крымінальнай справы ў Гомельскім абласным судзе. Сітуацыя, на жаль, не паляпшаецца.

РР: Зменшылася ці павялічылася колькасць затрыманых вось за гэтыя апошнія месяцы?         

Алена Маслюкова: Не тое, што яна зменшылася, я магу сказаць толькі адзінае, што ў раскладзе судоў колькасць крымінальных справаў сапраўды зменшылася, але яна зменшылася не таму, што сітуацыя з правамі чалавека выправілася і да людзей не прымяняюць вось гэтыя дыфамацыйныя артыкулы, што людзей не прыцягваюць да адказнасці за абразу, за распальванне варажнечы і г.д. Абсалютна не. Хутчэй за ўсё гэта звязана выключна з тэхнічным момантам, зараз лета. І большая частка так сказаць прадстаўнікоў міліцыі і розных іх структраў альбо судоў звычайна проста сыходзіць у адпачынак. Бо ўжо заканчваецца лета, і на наступным тыдні намі ўжо ўстаноўлена, што будзе праходзіць сем крымінальных працэсаў толькі ў Гомельскім абласным судзе.

Таму казаць, што рэпрэсіі зменшыліся, я думаю, што ўсё ж такі не даводзіцца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Аліна Андрыевіч, racyja.com