Прызначана дата разгляду апэляцыі Андрэя Гнёта на рашэньне сэрбскага суду

Андрэй Гнёт

Беларускаму рэжысэру па-ранейшаму пагражае экстрадыцыя.

Апэляцыйны суд Сэрбіі разгледзіць скаргу беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта на рашэньне аб экстрадыцыі 27 жніўня. Скарга на рашэньне Найвышэйшага суду ў Бялградзе была пададзена 18 чэрвеня.

«Праз два месяцы маруднага чаканьня і цемры апэляцыйны суд Сэрбіі прызначыў дату слуханьняў. Гэта ня проста дзень, гэта мой апошні шанец быць пачутым. Лёс усёй маёй будучыні ў адным кроку ад катастрофы, і менавіта зараз мне як ніколі патрэбная вашая падтрымка», — напісаў Гнёт у сацыяльных сетках.

Паводле словаў Гнёта, дзесяць месяцаў арышту, сем зь якіх ён правёў у цэнтральнай турме Бялграду, былі бясконцым кашмарам.

«Нягледзячы на гэта, я не здаюся, — падкрэсліў Гнёт. — Амаль год адчайнай барацьбы, і вось, нарэшце, мае адвакаты і я зможам выступіць у судзе, каб сказаць сваё слова. Гэта нашая апошняя магчымасьць выратаваць маё жыцьцё».

На думку рэжысэра, цяпер зразумела, што толькі аб’яднаньне намаганьняў, «палітычны і мэдыйны ціск» змаглі зрушыць яго справу зь мёртвага пункту.

Гнёт паведаміў, што слуханьне апэляцыі будзе «публічным і адкрытым», і заклікаў прыйсьці і падтрымаць яго «ў гэты найважнейшы час».

  • 41-гадовы Гнёт — рэжысэр тэлерэклямы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднаньня SOS.by, прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Працаваў зь вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, «Бульбаш», «Аліварыя», «Спартак», «Беллакт», World of Tanks.
  • Яго затрымала 30 кастрычніка 2023 году памежная служба Сэрбіі пасьля прылёту ў Бялград, прычына — знаходжаньне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрполу ад 21 верасьня 2023 году.
  • Праваабаронцы і адвакат Гнёта настойваюць, што яго перасьледуюць з палітычных, а не эканамічных матываў, як сузаснавальніка SOS.by.
  • 31 траўня 2024 году суд у Бялградзе пастанавіў, што патрабаваньне выдаць Гнёта беларускім праваахоўным органам законнае і павінна быць задаволенае «ў мэтах яго прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці па абвінавачаньні ва ўчыненьні крымінальнага злачынства паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў)».
  • Рашэньне Гнёт і яго адвакат атрымалі 13 чэрвеня і падалі апэляцыю.
  • Цяпер рэжысэр знаходзіцца ў Бялградзе пад хатнім арыштам.

svaboda.org