Павел Латушка дасць паказанні па справе аб перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей

Кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета – Павел Латушка дасць паказанні па справе аб перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей.

Паводле звестак @pozirkonline, сёння, 14 жніўня, ён адкажа на пытанні прадстаўнікоў Генеральнай пракуратуры Польшчы па запыце нагляднага ведамства Літвы, якое ўзбудзіла справу.

“У рамках сваіх паказанняў Павел Латушка мае намер асобна падкрэсліць неабходнасць прымянення механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі для нізкіх чыноў злачыннай сістэмы Лукашэнкі, а яго самога судзіць павінен выключна Міжнародны крымінальны суд [у Гаазе]”, — адзначылі ў прэс-службе, падкрэсліўшы, што “каманда НАУ працягвае мэтанакіраваную сістэмную працу па адной са стратэгічных задач — прыцягненню да адказнасці дыктатара за ваенныя злачынствы”.

17 сакавіка 2023 года МКС у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у дачыненні да Лукашэнкі, чый рэжым таксама датычны да гэтага.

Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ва Украіне ў Беларусь было вывезена не менш за дзве з паловай тысячы  дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. Паводле ацэнкі НАУ, не менш за тры з паловай тысячы.

racyja.com