У пражскім выдавецтве Vesna выйшла з друку новая кніга пісьменніка і журналіста Сяргея Дубаўца “Занзібар”з падзагалоўкам “Сталенне маладой душы”. Такой навіной падзяліўся ў фэйсбуку сам аўтар.
“Як распавесці сваю гісторыю і не занудзіць чытача? Вельмі проста. Трэба за той самы час расказаць мноства гісторыяў, дзе будзе шмат персанажаў і сюжэтаў (абавязкова пра любоў), розных жанраў і падарожжаў як у часе, так і ў прасторы, будуць кантэксты і амаль не будзе цябе самога, бо ўсё гэта разам і будзе — твая гісторыя, сведкам і ўдзельнікам чаго ты быў сам, і што не выпала з памяці”, — цытуе Сяргея Дубаўца выдавецтва Vesna.
“Занзібар” — гэта аўтабіяграфічны тэкст пра тое, як малады чалавек у 80-я гады адкрывае для сябе беларушчыну. У кнізе многа пра нефармальныя арганізацыі тых часоў: ад “Майстроўні” ды “Талакі” да літаратурнага аб’яднання “Тутэйшыя”. Разам з тым, гэта не проста настальгічныя нататкі, аўтар праводзіць паралелі з сучаснасцю, беларускай рэчаіснасцю 2020-х гадоў.
Фрагмент кнігі Сяргея Дубаўца “Занзібар” можна пачытаць на сайце інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат” у 127-м нумары часопіса “Дзеяслоў”.