“Нібыта хацеў да першай гадавіны пратэстаў арганізаваць стачку на прамзоне”, — былы палітвязень

Глеб Гатоўка. Фота прадастаўлена героем

Працу ў беларускіх калоніях называюць прымусовай, бо часта гэта цяжкая брудная праца з парушэннем нормаў бяспекі і шасцідзённым працоўным тыднем для палітычных зняволеных, як, напрыклад, у наваполацкай калоніі № 1. За сартыроўку пластыкавых адкідаў з прамысловых прадпрыемстваў, выраб вугалю, пераапрацоўку другаснай сыравіны, працы на дрэваапрацоўцы вязні атрымліваюць фармальныя заробкі ўсяго па некалькі капеек у месяц. З гэтых прычын некаторыя зняволеныя адмаўляюцца працаваць на прамысловых зонах у калоніях. Адзін з іх былы палітзняволены Глеб Гатоўка, якога асудзілі да чатырох гадоў зняволення за падзеі 14 ліпеня 2020 года ў Мінску. Ён цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю вясной 2024 года.

Глеб распавёў “Вясне” пра тое, як напісаў заяву аб адмовы ад працы і як яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы забастоўкі да першай гадавіны выбараў на прамзоне ў наваполацкай калоніі № 1.

Мінчук апынуўся ў калоніі № 1 на свой Дзень народзінаў — 21 красавіка 2021 года, яму споўніўся 21 год. Пасля “каранціну” яго вызначылі на сартыроўку пластыка на прамзоне. Там ён адпрацаваў каля месяцу і вырашыў адмовіцца ад працы:

“Умовы працы аб’ектыўна былі жудаснымі. Мяне прымусілі перабіраць “бубкі” [паліэтылен высокага ціску (ПВД) — гэта ўпаковачны матэрыял, які валодае высокай хімічнай устойлівасцю]. Гэта абсалютна шкодная працу. Калі мы працавалі, то ў цаху падымаўся пластыкавы пыл. Мы пастаянна дыхалі гэтым. Пабудзеш дзень на промцы, а потым смаркаешся — усё чорнае. Я апранаў медыцынскую маску, але праз пару гадзін знаходжання ў цаху на ёй утваралася чорная пляма на ўзроўні носа, там дзе дыхаеш. Таму на промцы вельмі хутка і лёгка можна пасадзіць сабе лёгкія.

Апроч гэтага, усё гэта робіцца без пяльчатак, голымі рукамі. Вязні, якія сядзяць даўно, распавядалі, што пасля месяцаў такой працы пачынаюць злазіць пазногці, скура робіцца жоўтай і забіваецца, пальцы распухаюць.

Таксама гэтую працу можна лічыць бясплатнай. Вязням могуць залічыць на рахунак пару капеек у месяц і ўсё. Афіцыйна лічыцца, што заробак у калоніі складае больш за 200 рублёў, але амаль усё яны спісваюць за пражыванне ў калоніі: святло, харчаванне і г.д.

У калоніі не захоўваюцца правілы бяспекі на працы, а таксама не праводзяцца інструктажы і не прымаюцца меры па ахове працы. І гэта адносіцца да ўсіх відаў працы. У калоніі вязні і пальцы гублялі на пілах… Нам проста сказалі, што рабіць, а ў выпадку адмовы пагражалі пасадзіць у штрафны ізалятар.

Такая праца прыніжае нават чалавечую годнасць. І агулам сітуацыя крытычная, і становіцца ўсё горш і горш. Гэта сістэма працы перанята з савецкага ГУЛАГу. І чым больш яна ізалюецца сама па сабе, тым больш яна імкнецца да свайго ідэалу, які быў ў 30-х гадах”.

Глеб адзначае, што ўся праца ў калоніі, прымусовая і яе ўмовы адзначна парушаюць правы чалавека:

“Ты не выбіраеш: хадзіць ці не хадзіць. У ПК-1 шасцідзённы працоўны тыдзень. Калі ўсе вязні выходзілі на промку па два-тры дні на тыдзень, то палітычных абававязалі шэсць разоў на тыдзень. Акрамя працы ў калоніі таксама ладзілі розныя мерапрыемствы. Таму вольнага часу ў мяне не хапала не тое, што на кнігі, але і на лісты. Памятаю, прыйшла прадуктовая пасылка, а я не мог сабе бутэрброд зрабіць. Для мяне адсутнасць вольнага часу была вельмі цяжкім псіхалагічна. У гэтай калоніі я ўпершыню адчуў, што “сяджу” і проста губляю свой час, што гэта ўсё марна і бессэнсоўна”.

У хуткім часе Глеб напісаў заяву, у якой адмовіўся ад працы:

“Я быў не першы, хто так зрабіў. Размаўляў і з іншымі наконт гэтага. Таму ў хуткім часе мяне перавялі на “крытую” турму з абвінавачваннем, што я нібыта хацеў да першай гадавіны пратэстаў [9 жніўня 2021 года] арганізаваць у калоніі стачку на прамзоне”.

Адразу Глеба за такую заяву пастаянна змяшчалі ў штрафны ізалятар. Як тлумачыць былы палітвязень, адміністрацыя хацела перашкодзіць яму наведваць прамысловую зону:

“Я адмаўляўся толькі працаваць, але не наведваць прамзону. Гэта рабілася, каб я не мог скантаквацца з іншымі палітвязнямі з іншых атрадаў. Таму калі сканчваўся мой тэрмін ШІЗА, то яны мяне не адпускалі, а адразу бралі відэакамеры, вялі на прыборку на санузлы, дзе запісвалі, што я адмаўляюся прыбіраць туалеты. І зноў змяшчалі ў ШІЗА. Так яны рабілі разы чатыры, каб у мяне не было магчымасці нават ні з кім паразмаўляць”.

Агулам у ШІЗА Глеб прабыў 58 дзён, а пасля яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ):

“Мне прызначылі шэсць месяцаў ПКТ, але я прабыў толькі тры, і мяне звезлі ў жодзінскую турму. Перад гэтым мне паставілі ўмову: ці новая справа паводле арт. 411 КК ці турма”.

spring96.org