У Беластоку пры помніку ксяндзу Ежы Папялушку прайшла чарговая акцыя салідарнасці з журналістам і актывістам Саюза палякаў на Беларусі Анджэем Пачобутам і іншымі беларускімі палітычнымі вязнямі. Сам Анджэй знаходзіцца за кратамі ўжо 41 месяц.
Гавораць сябры, калегі і іншыя ўдзельнікі акцыі салідарнасці:
– Сітуацыя застаецца такой, як была месяц таму. Далей ён знаходзіцца ў наваполацкай калоніі, у поўнай ізаляцыі. Вакол яго там нічога не адбываецца, больш адбываецца на свабодзе.
– Такія, як Анджэй Пачобут, Алесь Бяляцкі і многія іншыя знакавыя фігуры, яны не будуць пісаць прашэнне пра памілаванне і наўрад ці мы дачакаемся іх датэрміновага вызвалення, калі не будзе працягвацца ціск грамадскасці, ціск міжнароднай супольнасці на гэты рэжым.
– Я не лічу, што Анджэй, як і іншыя палітычныя вязні павінны быць аб’ектам гандлю. Гэтыя людзі павінны быць неадкладна вызваленыя, бо яны трапілі ў турму не здзяйсняючы ніякіх злачынстваў, а толькі таму што так вырашыў дыктатар. Так вырашылі людзі, якія кіруюць краінай.
– Нам можа здавацца, што гэта абсалютна нязначныя сустрэчы, вось гэтая акцыя, але насамрэч там глядзяць і бачаць нас. Гэта часам, як бальзам на сэрца.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Анджэй Пачобут быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года. У лютым 2023 года асуджаны да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Зараз адбывае пакаранне ў Наваполацку.