У Львове створаць музей, прысвечаны беларускім добраахвотнікам

Пра стварэнне ў Львове музея, прысвечанага беларускім добраахвотнікам, якія аддалі свае жыцці ва Украіне, распавёў кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Беларусь» Аляксей Францкевіч.

Аляксей Францкевіч

— Тут, ва Украіне, у Львове, мы знайшлі памяшканне, — распавёў кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Беларусь» Аляксей Францкевіч, — і зусім хутка пачнем фармаваць музей, які будзе прысвечаны беларускім героям — тым, хто аддаў свае жыцці ва Украіне ў барацьбе супраць расейскай імперыі, за еўрапейскія каштоўнасці, за нашу з вамі свабоду.

Я спадзяюся, што гэты музей у будучыні ляжа ў аснову нацыянальнага музея ў свабоднай і незалежнай Беларусі.

Цяпер у памяшканні заканчваецца рамонт. У спісе загінуўшых герояў — ужо больш за 70 імёнаў.

Акрамя таго, у планах фонду — аднаўленне курсаў беларускай мовы і працы беларускай нядзельнай школы, якая існавала ў Львове да пачатку паўнамашстабнага ўварвання. У прынцыпе, дадае Аляксей Францкевіч, у беларусаў ва Украіне з’явіцца яшчэ адна пляцоўка, дзе можна збірацца і праводзіць розныя мерапрыемствы і актыўнасці.

budzma.org