Аднавіў працу сайт «Белсату», які адсутнічаў у сеціве з 1 жніўня

Белсат, ілюстрацыйнае фота

Раней многія рэсурсы, зьвязаныя з тэлеканалам, спынілі працу праз розныя арганізацыйныя праблемы.

Кіраўнік тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі паведаміў у сваім фэйсбуку пра тое, што галоўная старонка «Белсату» ў сеціве вярнулася. Ідзе работа над вяртаньнем іншых праектаў.

«Шаноўныя, ізноў даступная інтэрнэт-старонка Белсат TV. Яна пакуль не зусім такая, як была раней, але яна ёсьць. Паступова будзем паляпшаць і напаўняць, аднаўляць ранейшую функцыянальнасьць. У дадзенай сытуацыі гэта каштавала і далей каштуе шмат высілкаў, за якія я шчыра ўдзячны маім каляжанкам і калегам зь „Белсату“ і адпаведных службаў TVP.

Прыкладна праз тыдзень мае вярнуцца таксама партал „Вот Так“, працуем над вяртаньнем „Добрапісу“», — напісаў Дзікавіцкі.

Раней тэлеканал сутыкнуўся з праблемамі пасьля таго, як новы польскі ўрад зрабіў рэарганізацыю грамадзкіх СМІ, у тым ліку Польскай тэлевізіі (TVP), да якой адносіўся «Белсат». Сайт адсутнічаў у сеціве з раніцы 1 жніўня.

«На вялікі жаль, большую частку кантэнту зараз не ўдалося вярнуць на сайт, але, спадзяюся, вось-вось яна будзе вернутая. Прынамсі, аўтарскія правы на гэты кантэнт належаць Польскаму тэлебачанню і каналу «Белсат», як і раней, таму я спадзяюся, што ўсе яны будуць вернутыя. Пакуль што мы маем не ўвесь кантэкт за ўсе гады працы, але будзем яго аднаўляць«,— паведаміла БАЖ шэф-рэдактарка сайта «Белсат» Вольга Ярохіна.

Польскі партал Onet паведаміў пра абвінавачаньні ў бок мэнэджараў «Белсату» — іх падазраюць у фінансавых махінацыях падчас заключэньня дамоваў на IT-паслугі. У адказ кіраўніцтва «Белсату» выступіла з заявай, у якой выказала пратэст супраць абвінавачаньняў.

Аўтары заявы адзначылі, што ім удалося стварыць самастойную сыстэму абароны і праграмы для пашырэньня мультымэдыйнасьці каналу. Аргумэнт, што група TVP зазнала страты, выдаткоўваючы грошы на бясьпеку дзейнасьці каналу ў інтэрнэце, аўтары заявы назвалі «зусім недарэчным».

svaboda.org