Кампанію ў абарону Андрэя Гнёта, распачатую Беларускай незалежнай кінаакадэміяй, падтрымалі Святлана Алексіевіч, Алег Сянцоў, Жюльет Бінош, Кен Лоўч, Агнешка Холанд

Фота: інстраграм Андрэя Гнёта

Больш за сто беларускіх і замежных культурных дзеячаў — пісьменнікаў, рэжысёраў, прадзюсараў, актораў, сцэнарыстаў падпісалі ліст у падтрымку Андрэя Гнёта, створаны Беларускай незалежнай кінаакадэміяй. Сярод тых, хто не застаўся абыякавым да лёсу беларускага кінарэжысёра — беларуская нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексеівіч, украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, французская актрыса Жюльет Бінош, брытанскі кінарэжысёр Кен Лоўч, венгерскі кінематаграфіст Бела Тар, польская кінарэжысёрка Агнешка Холанд, заснавальнікі Беларускага Свабоднага тэатра, рэжысёры Мікалай Халезін, Наталля Каляда, нямецкая актрыса і сцэнарыстка Маргарэт фон Трота, румынскі рэжысёр Крысціян Мунджыу ды іншыя артысты з усяго свету.

Арганізатарамі кампаніі «Мастакі за Андрэя» сталі акцёр Міця Савелаў і сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA), прадзюсарка Воля Чайкоўская пры падтрымцы Еўрапейскай кінаакадэміі (EFA). Нагадаем, што ў ліпені BIFA і EFA сумесна заклікалі да неадкладнага вызвалення беларускага рэжысёра.

«Мы заклікаем сербскія ўлады не дапусціць экстрадыцыі рэжысёра Андрэя Гнёта ў Беларусь, дзе яму пагражае турэмнае зняволенне, катаванні і нават смяротнае пакаранне.

Часу не засталося – 27 жніўня сербскі Апеляцыйны суд правядзе апошні разгляд справы Андрэя. Будзе вырашана, выдадуць яго ці не», — звяртаюцца ў лісце да апеляцыйнага суда ў Бялградзе і міністра юстыцыі Сербіі Маі Повіч творцы.

«Андрэй — беларускі кінарэжысёр і грамадскі дзеяч. Ён вядомы тым, што здымаў дакументальныя здымкі падчас пратэстаў «Беларусь-2020», запісваў заклікі спартоўцаў да свабодных і справядлівых выбараў. За гэтыя дзеянні ён пераследуецца беларускім аўтарытарным рэжымам, — даводзяць аўтары звароту.

Андрэй быў арыштаваны ў Сербіі ў 2023 годзе пасля запыту Інтэрпола аб вышуку ад беларускага ўрада — неаднаразовая тактыка, якую выкарыстоўваў рэжым Лукашэнкі для вышуку дэмакратычных актывістаў па ўсім свеце. Хаця пазней Інтэрпол адмяніў запыт на вышук, Сербія не вызваліла Андрэя […].

Як заяўляе Amnesty International, «Згодна з міжнародным правам, якое забараняе катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, Сербія павінна забяспечыць абарону Андрэя Гнёта. Мы заклікаем урад Сербіі забяспечыць яго бяспеку і свабоду», — заклікаюць да справядлівасці кінематаграфісты з усяго свету.

Чытаць зварот цалкам тут.

reformby.org