У Віцебску пачынаецца першы суд у справе «Кадравай рэзэрвы»

Аляксей Кісялёў. Архіўнае фота

Судзяць былога чыноўніка зь Верхнядзьвінску Аляксея Кісялёва.

28 жніўня ў Віцебскім абласным судзе пачынаецца суд над Аляксеем Кісялёвым, які раней працаваў у Верхнядзьвінскім райвыканкаме.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», яго прыцягнулі да адказнасьці ў справе «Кадравай рэзэрвы для новай Беларусі». Абвінавачаньні выстаўленыя па ч. 1 арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і арт. 361-5 КК («Праходжаньне навучаньня ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці»). За гэта Аляксею Кісялёву пагражае да 4 гадоў зьняволеньня.

Аляксею Кісялёву 34 гады. У Вернядзьвінскім райвыканкаме ён працаваў інспэктарам сэктару спорту і турызму. Сілавікі затрымалі Аляксея Кісялёва 13 сакавіка 2024 году і прымусілі запісаць відэа, у якім ён назваў сябе «навучэнцам „Кадравай рэзэрвы для Новай Беларусі“».

«Кадравая рэзэрва» абвергла датычнасьць Кісялёва да праграмы

Разам з тым каардынатар ініцыятывы «Кадравая рэзэрва» Юрась Губарэвіч адмаўляе, што Аляксей Кісялёў нібыта навучаўся па іх праграме. Губарэвіч мяркуе, што былы чыноўнік зь Верхнядзьвінску мог стаць ахвярай правакацыі беларускіх спэцслужбаў, якія стварылі ў інтэрнэце фэйкавы акаўнт «Кадравай рэзэрвы».

Юрась Губарэвіч

«Мы можам з усёй адказнасьцю сьцьвярджаць, што сілавікі ня маюць доступу да базы дадзеных кампаніі і, такім чынам, няма падставаў для абвінавачваньня Аляксея. Але, на жаль, беларусам вядома, як часта спэцслужбы выкарыстоўваюць правакацыі і самаагаворы, выбіваюць паказаньні з затрыманых, каб запалохаць усіх астатніх. Верагодна, гэта такі ж выпадак», — пракамэнтаваў сытуацыю з Кісялёвым Юрась Губарэвіч.

У 2023 годзе ініцыятыва «Кадравая рэзэрва», якую вядзе Аб’яднаны пераходны кабінэт пад кіраўніцтвам Сьвятланы Ціханоўскай, у Беларусі была прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем. На пачатку 2024 году ў Сьледчым камітэце Беларусі заявілі, што супраць арганізатараў і навучэнцаў праграмы заведзеная крымінальная справа.

Каардынатар праграмы Юрась Губарэвіч лічыць такія дзеяньні ўладаў незаконнымі.

«Падрыхтоўка людзей у межах грамадзянскай адукацыі дзеля падвышэньня кампэтэнцыі і працы ў сфэры дзяржкіраваньня не зьяўляецца злачынствам. Інтэрпрэтацыя дзейнасьці кампаніі „Кадравая рэзэрва“ як экстрэмісцкай — гэта нонсэнс», — мяркуе Юрась Губарэвіч.

Паводле Юрася Губарэвіча, праграма «Кадравая рэзэрва» сёлета працягвала сваю працу, цяпер праходзіць набор навучэнцаў на 2024/2025 год. Юрась Губарэвіч паведаміў, што далучыцца да «Кадравай рэзэрвы» могуць усе, хто імкнецца да перамен і гатовы працаваць на будучыню новай дэмакратычнай Беларусі.

Губарэвіч пералічыў захады бясьпекі для навучэнцаў па праграме «Кадравая рэзэрва»:

  • Пры заходзе на сайт кампаніі «Кадравая рэзэрва» выкарыстоўваць VPN, каб ваш IP-адрас не адсачылі.
  • Выдаляць гісторыю перапіскі і не захоўваць лагіны і паролі ў браўзэры.
  • Не карыстацца электроннай поштай, у якой пазначана ваша імя, прозьвішча ці месца працы.
  • Весьці перапіску толькі з афіцыйнымі кантактамі кампаніі: office@pr-belarus.org, edu@pr-belarus.org і official@pr-belarus.org. «Кадравая рэзэрва» не выкарыстоўвае ботаў у Telegram.
  • Пры наведваньні онлайн-лекцыі ці ў перапісцы з кампаніяй «Кадравая рэзэрва» выкарыстоўваць свой уліковы нумар.

Што вядома пра судзьдзю, які разглядае справу

Справу Аляксея Кісялёва ў закрытым рэжыме будзе разглядаць судзьдзя Юры Урбан. Пра гэтага судзьдзю вядома, што ён толькі ў 2024 годзе пачаў працаваць у Віцебскім абласным судзе, а да таго быў у Віцебску судзьдзём Чыгуначнага раённага суду і намесьнікам старшыні суду Першамайскага раёну.

На гэтых пасадах Юрыю Урбану ня раз даводзілася выносіць пастановы аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці апазыцыянэраў.

«Калі ня я іх пакараю, дык іншы судзьдзя», — прыгадала словы судзьдзі Урбана крыніца, якая прасіла яе не называць у мэтах бясьпекі.

Пра Юрыя Урбана вядома і тое, што ў 2005 годзе ён спыніў адміністрацыйную справу супраць вядомага ў Віцебску апазыцыянэра Барыса Хамайды — скарыстаўся заганамі ў пратаколе аб правапарушэньні. Праўда, праз год той жа судзьдзя Урбан прысудзіў Барысу Хамайду вялікі штраф за пікетаваньне з плякатам, на якім цытавалася Біблія.

svaboda.org