“Унутры і звонку” — выстава Леры Лазук адкрылася ў Вільні

“Унутры і звонку” –  выстава мастацкіх твораў Леры Лазук адкрылася ў Вільні 28 жніўня ў творчай прасторы «Кропка». Мастачка ў каля 40-ка карцінах адлюстравала сябе, свае адчуванні і пачуцці, Яго, турэмныя камеры, Беларусь ды іншае. У гэтых творах заўважаецца шмат аголеных цел.

Паводле Леры Лазук, гэта першая выстава ў Вільні, раней частка яе твораў выстаўляліся ў Гаазе.

Калі вы паглядзіце, вось напрыклад, сядзіць дзяўчына ў камеры, я б не назвала гэты малюнак эратычным. Тут хутчэй аголенасць пра нешта іншае. Вопратка не патрэбная, яна не працуе на тэму, а вось аголенасць працуе, такая нейкая безабароннасць, танкаскурасць. Усе нашыя перажыванні застываюць у нашым целе і вопратка яна толькі замінае перадаваць гэтае перажыванне.

Як кажуць наведвальнікі выставы, яны ўражаныя ўбачаным, бо пачуцці быццам вырываюцца вонкі з саміх малюнкаў:

– У кожным малюнку Леры бачны гэтыя пачуцці. Мне падаецца, што яны наўпрост прарываюцца да цябе праз гэты малюнак. Нават калі малюнак падаецца змрочным на першы погляд, ты глядзіш і бачыш, што эмоцыі цябе таксама ахутваюць, як у нейкі кокан.

–  Я бачу, што гэтая выстава натхнёная не вельмі добрымі перажываннямі. Мастацтва, якое не пазітыўнае, яно ж таксама вельмі патрэбнае людзям.

Выстава Леры Лазук “Унутры і звонку” ў віленскай творчай прасторы “Кропка” будзе доўжыцца 10 дзён. Паглядзець яе можна па адрасе Savičiaus g. 6, Vilnius  з 11 да 20 гадзін.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

racyja.com