Проста дзіўна, як у новым альбоме Molchat Doma застаюцца сабой і пры гэтым пашыраюць прастору сваёй музыкі. Гэта ўсё яшчэ постпанк, але і ўжо new wave і сінці-поп, гэта па вобразнасці той жа касмічны холад, але ўжо з прызямленнямі і палётамі вакол планет, вывераны мінімалізм, аднак і дазвол быць лёгкімі і гуллівымі, здольнымі на прадуманую спантаннасць і складанасць. Беларускаму гурту ўдалося цудоўнае — дадаць большай свабоды, разнастайнасці і энергіі ў сваю музыку, не здрадзіўшы сабе. І гэта ўдалося, у тым ліку праз вялікую працу з гукам.
Альбом быў запісаны ў ЗША на Sacred Bones Records. Але, як стала вядома, нягледзячы на геаграфію звядзенне і майстарынг плыткі рабіў беларускі гукарэжысёр Андрэй Баброўка. Музыкі адмыслова прывезлі гукарэжысёра, які супрацоўнічаў у свой час з J:МОРС, Лявонам Вольскім, «Ляпісам Трубецкім», у Лос-Анджэлес на час працы ў студыі. Імя Андрэя Баброўкі важна ўзгадаць, бо дзякуючы названай калабарацыі Molchat Doma здзейснілі свой творчы прарыў, у якім можна (рас)чуць адсылкі да, скажам, відавочных Depeche Mode, нечаканых Duran Duran і іншых выканаўцаў 1990-х. Ацэніць «артыкуляцыю» гуку і адпаведна творчай задумы.
Сваю новую працу беларускі гурт, у складзе якога, нагадаем, Ягор Шкутко, Раман Камагорцаў, Павел Казлоў, прадстаўляе так:
«З Belayа Polosa Molchat Doma працягвае развівацца, аб’ядноўваючы свой халодны мінімалістычны гук постпанку з мігатлівым лічбавым бляскам сінці-попа 90-х. Інтраспектыўныя тэксты альбома і шырокія гукавыя пейзажы адлюстроўваюць напружанне жыццёвых трансфармацый. Такія трэкі, як «Ty Zhe Ne Znaesh’ Kto Ya» прыцягваюць слухачоў сваімі пульсуючымі сінтэзатарамі і механічнымі рытмамі, у той час як «Son» паглыбляецца ў тэрыторыю гатычнага постпанку. Загалоўны трэк «Belaya Polosa» выклікае меланхалічную элегантнасць, якая нагадвае Depeche Mode і The Cure, спалучаючы змрочныя, насычаныя рэверберацыяй гітары з эфірным вакалам. «Chernye Cvety» прапануе летуценныя, душныя ўцёкі, спалучаючы настальгію па 90-х з сучаснымі рытмамі. На працягу ўсяго альбома Molchat Doma рассоўвае межы, ураўнаважваючы рэзкасць і цеплыню».
Як той казаў, са сказаным складана не пагадзіцца.
Застаецца дадаць, што пасля доўгачаканага для публікі рэлізу гурт адпраўляецца ў вялікія гастролі.
Падрабязней пра тур калектыву можна дазнацца тут.
Слухаць Belaya Polosa — тут.
Molchat Doma — беларускі рок-гурт з Мінска, які спалучае ў сваёй творчасці постпанк, сінці-поп і нью-вэйв. Музычны праект быў заснаваны ў 2017 годзе Ягорам Шкутко (вакал) і Раманам Камагорцавым (гітара, сінтэзатары, драм-машына). У склад гурта таксама ўваходзіць Павел Казлоў (бас-гітара, сінтэзатар). Падчас падзей 2020 года ў Беларусі музыкі падтрымалі мірныя пратэсты ў сваёй групе ва Укантакце, а пазней прынялі ўдзел у стварэнні музычнага дабрачыннага зборніка For Belarus, сродкі ад распаўсюджання якога пайшлі на падтрымку пацярпелых удзельнікаў акцыяў пратэсту. Напрыканцы лютага 2022 года гурт запісаў відэазварот, у якім асудзіў уварванне Расіі ва Украіну. На сёння гурт з Беларусі — адзін з найпапулярнейшых рускамоўных калектываў у Еўропе, калі не ў свеце.