Серыял «Працэсы» трапіў ў фіналісты конкурса Prix Italia

Серыял рэжысёра Андрэя Кашперскага «Працэсы» трапіў ў фіналісты міжнароднага конкурса Prix Italia. Cерыял праходзіць у секцыі Digital — Fiction, заўважыў тэлеграм-канал «Свяшчэнны белавуд».

Prix Italia — міжнародны конкурс, які арганізуецца ў Італіі і прысуджае найстарэйшыя і самыя прэстыжныя міжнародныя ўзнагароды для радыё, тэлебачання і інтэрнэт-творцаў, якія называюцца «Радыё Оскар». Узнагароды ўручаюцца падчас штогадовага фестывалю, які праводзіцца ў адным з буйнейшых гарадоў Італіі.

Прэмія была заснавана ў 1948 годзе RAI (тады Radio Italiana) на Капры.

«Працэсы» — серыял-антыўтопія, напоўнены гратэскам, сатырай і чорным гумарам. Серыял паказвае, наколькі абсурднай можа быць сістэма, падымаючы добра знаёмыя беларусам тэмы: рэпрэсіі, сілавікі і бязвольныя чыноўнікі. Прычым аўтары серыяла даводзяць гэтыя сітуацыі да крайнасці. Так, напрыклад, у першай навеле «Ператрымка» ізалятары часовага ўтрымання настолькі перапоўненыя, што сілавікі вымушаны забіраць арыштаваных… да сябе дадому.

budzma.org