Сёлета ў Беластоку падчас пятага выпуску Фестывалю “Жанчыны Усходу” ў самым цэнтры адбываўся вернісаж пад слоганам “Марская блакітная Венера”. Удзел у акцыі прынялі мастакі з Беларусі, Украіны, Беластока і Усходняй Польшчы. Свае творы прадставіла і мастачка Аліна Ларк з Беларусі, якая падзялілася з racyja.com думкамі пра перспектывы беларускага мастацтва ў Польшчы і ўласны шлях мастака.
РР: Што ў вашых творах галоўнае, бо бачна, што такія мазкі, такія яркія фарбы, што ідзе ад вас?
Аліна Ларк: Ідзе папросту ад душы. Я заўжды малюю тое, што я хачу.
РР: Для чаго вы прынялі ўдзел у выставе, вернісажы, можна сказаць, з якой ідэяй, бо я, калі пыталася ў мастакоў, што ў прынцыпе ўсе згодныя з тым, што вось там блакітны колер, вось гэтая постаць жанчыны-зорнай пасланніцы, там Дзева Марыя – ідзе нейкая ціхая малітва за мір, калі вакол вайна, і мы, палякі, беларусы, украінцы, жадаем аднаго – міру. Ці можа жаноцкасць спыніць нарэшце гэтую вайну?
Аліна Ларк: Вельмі хачу, каб гэтая вайна як найхутчэй спынілася, і каб быў мір. І, канешне, калі пішаш карціну, якая ідзе ад душы, я, напрыклад, думаю пра добрае. У мяне ідзе пазітыўны настрой, і я спрабую максімальна ўкладваць пазітыўную энергію ў свае працы, свае карціны. І хочацца спадзявацца на тое, што глядач бярэ гэтую пазітыўную энергію, адчувае яе праз мае карціны, калі на іх глядзіць. І, канешне ж, пазітыў не мяркуе вайны, нейкіх страт. І хочацца верыць, што жаночая ўтваральная энергія ўсё ж такі пераможа, бо яна нясе дабро. Бо мы, жанчыны-матулі, даём жыццё, а не адбіраем яго. І вялікія надзеі я ўскладаю на тое, што наш гэты такі маўклівы і сузіральны заклік будзе неяк пачуты, дойдзе да Усявышняга і неяк паўздзейнічае на хаду дзеянняў у бок міру, дабра і пазітыву.
РР: Ці варта ствараць сваю асацыяцыю беларускіх мастакоў?
Аліна Ларк: Вось я пра гэта ўжо думаю, і, напэўна, хочацца альбо асацыяцыю мастакоў Беластока, альбо асацыяцыю беларускіх мастакоў у Польшчы. Нешта такое, напэўна, трэба зрабіць.
РР: А ці ёсць месца, дзе можна вам выстаўляцца як мастачцы, наколькі лёгка такое месца знайсці ў Беластоку?
Аліна Ларк: Нялёгка знайсці такое месца, дастаткова цяжка. Вось у 2022 годзе я выстаўлялася ў “Не тэатры” ў Беластоку, зараз я шукаю такое месца ў Варшаве. Хацелася б зрабіць выставу ў Варшаве, таму што ў Польшчы ў мяне было ўжо тры выставы ў розных гарадах, але ў Варшаве яшчэ ні адной. У Беластоку ўжо была выстава.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: