Галоўная пагроза для беларускай эканомікі — эканамічны спад у Расеі, і гэта рэальная пэрспэктыва, — эканамістка Лузгіна

Менскі трактарны завод, архіўнае фота

Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна аналізуе галоўныя тэндэнцыі беларускай эканомікі і прагназуе, да якіх наступстваў можа прывесьці заплянаванае зьніжэньне эканомічнага росту ў Расеі.

Сьцісла:

  • Фінансавы стан фірмаў і прадпрыемстваў Беларусі ў цэлым пагаршаецца, назіраецца зьніжэньне рэнтабэльнасьці.
  • Зьніжэньне расейскай эканомікі адбудзецца ў выніку сьвядомай палітыкі, якую праводзяць расейскія эканамічныя ўлады.
  • У наступным годзе ўжо ня будзе такога актыўнага попыту на беларускія тавары ў Расеі.
  • Курс беларускага рубля можа пачаць падаць, калі будзе расьці адмоўнае сальда ў замежным гандлі.

— Як на сёньня можна ацаніць стратэгічны стан беларускай эканомікі? Паводле афіцыйнай інфармацыі, ВУП расьце, даходы падвышаюцца. Аднак якія ёсць пагрозы і падводныя камяні?

— Сапраўды, на сёньня гадавы рост ВУП, паводле апошніх дадзеных, складае 5,5% гадавых. І ўклад у гэты прырост далі ўсе асноўныя галіны — гандаль, будаўніцтва, прамысловасьць, сельская гаспадарка, за выключэньнем «інфармацыі і сувязі».

Анастасія Лузгіна, архіўнае фота

Заробкі таксама растуць. За ліпень у параўнаньні зь ліпенем мінулага году рэальныя заробкі вырасьлі на 15,3%, а рост намінальнага заробку склаў 21,7%.

Аднак трэба разумець, што рост заробкаў адбываецца нашмат хутчэй за рост вытворчасьці працы, які складае каля 6 працэнтаў.

— За кошт чаго гэта дасягаецца — рост заробку, які не адпаведны росту ВУП і вытворчасьці працы?

— Дзяржава актыўна з уласных прычынаў падтрымлівае цяпер рост заробкаў бюджэтнікам. Галоўная прычына, як у дзяржаўнай, так і ў прыватнай сфэры, гэта недахоп працоўнай сілы. І прадпрыемствы, і арганізацыі вымушаныя падвышаць заробкі нават сабе на шкоду. Таму фінансавы стан фірмаў і прадпрыемстваў у цэлым пагаршаецца, назіраецца зьніжэньне рэнтабэльнасьці. Зараз прадпрыемствы ўкладаюць не ў інвэставаньне ці новыя тэхналёгіі, а ў заробкі сваім супрацоўнікам, бо іначай проста ня будзе каму працаваць.

Таксама важным адмоўным момантам можна адзначыць тое, што замежны гандаль Беларусі зноў пайшоў «у мінус». Паводле гадавых вынікаў за ліпень, нэгатыўнае сальда па таварах і паслугах складае мінус 88 мільёнаў даляраў. Адмоўнае сальда склалася пераважна праз гандаль таварамі, бо ў гандлі паслугамі ў нас традыцыйна станоўчае сальда.

— Беларуская эканоміка вельмі залежная ад Расеі, і зараз адмыслоўцы шмат гавораць пра тое, што ў Расеі назіраецца «перагрэў эканомікі» і што тэмпы яе росту будуць зьніжацца. Як гэта адаб’ецца на Беларусі?

— Сапраўды, галоўным гандлёвым партнэрам Беларусі па-ранейшаму застаецца Расея. У расейскай эканоміцы працягваецца рост станоўчага гандлёвага сальда. Цяпер адбываецца пэўнае сусьветнае зьніжэньне цаны на нафту, аднак у цэлым апошнія прагнозы прадугледжваюць рост гэтай цаны — у раёне 70 даляраў за барэль. Таму, калі ня здарыцца нейкіх істотных палітычных падзеяў, то чакаць радыкальных абвалаў у расейскай эканоміцы ў кароткатэрміновай пэрспэктыве ня варта.

Аднак зьніжэньне расейскай эканомікі адбудзецца дзякуючы сьвядомай палітыцы, якую праводзяць расейскія эканамічныя ўлады. А гэтая палітыка накіраваная на запавольваньне эканамічнага росту. Ужо ў канцы гэтага году і ў пачатку наступнага мы пабачым гэта запавольваньне. Бо расейскія эканамічныя ўлады разумеюць, што перагрэў эканомікі — гэта кепска.

Яны бачаць рызыкі гэтага перагрэву і таму праводзяць даволі жорсткую грашова-крэдытную палітыку. Робяць пэўныя захады, накіраваныя на ахалоджваньне рынку. Рост унутранага попыту будзе запавольвацца, у тым ліку на імпартныя тавары.

— І гэта можа адбіцца на попыце на беларускія тавары?

— Безумоўна, гэта ўскладніць працу беларускім экспартэрам, якія прадаюць сваю прадукцыю ў Расеі. Гэта зьяўляецца істотным выклікам — асабліва з улікам таго, што гандлёвае сальда сёлета ўжо горшае за леташняе. І трэба рыхтавацца, што налета ўжо ня будзе такога актыўнага попыту на беларускія тавары ў Расеі. Бо Цэнтрабанк Расеі падвышае банкаўскія стаўкі, каб ахаладзіць попыт на крэдыты, ахаладзіць эканоміку.

— Наколькі беларускія ўлады кантралююць сёньня інфляцыю? Наколькі для іх гэта важная задача, улічваючы палітычныя падзеі, набліжэньне прэзыдэнцкіх выбараў?

— Інфляцыя ў Беларусі з пачатку году, за студзень—жнівень, склала 3,4%. Я думаю, што захаваецца даволі жорсткае дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў, і таму да канца году цалкам магчыма, што ўрад выйдзе на заплянаваныя лічбы (ня больш за 6 працэнтаў). Тым больш, сапраўды, да гэтага змушаюць прэзыдэнцкія выбары.

— Гэта азначае, што заробкі таксама будуць падвышацца любой цаной, нягледзячы на відавочныя нэгатыўныя наступствы для прадпрыемстваў?

— Ужо на наступны год урад закладае ў прагнозе зьніжэньне тэмпаў росту даходаў насельніцтва. Што да цэнаў, то, напрыклад, нядаўна было заяўлена, што ўлады будуць кантраляваць цэны на жыльлё, якое будуецца зь дзяржаўнай падтрымкай, абмяжоўваць рэнтабэльнасьць будаўнікоў.

— А якія пэрспэктывы ў курсу беларускага рубля? Многія беларусы баяцца паўтору 2011 году, калі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў адбылася дэвальвацыя.

— Зараз няма падставаў для гэтага. Бо курс фармуецца зусім па-іншаму, у 2015 годзе ўсё памянялася. Курс беларускага рубля зараз фармуецца на аснове попыту і прапановы, на падставе вынікаў таргоў на біржы. Любыя рэзкія хістаньні, якія мы назіралі за апошні год, былі зьвязаныя з хістаньнямі курсу расейскага рубля.

Курс беларускага рубля можа пачаць падаць, калі будзе расьці адмоўнае сальда ў замежным гандлі. Тады можа ўзьнікнуць дэфіцыт валюты на ўнутраным рынку. Пакуль, аднак, тое невялікае нэгатыўнае сальда, якое назіраецца, істотна на курс не ўплывае.

Галоўная пагроза — гэта калі ў выніку запавольваньня росту расейскай эканомікі будзе пагаршацца беларускае сальда замежнага гандлю. І гэта можа стаць рэальнай рызыкай для курсу, бо золатавалютныя рэзэрвы Беларусі маленькія.

Віталь Цыганкоў, svaboda.org