На праваабаронцу Сержука Сыса завочна завялі крымінальную справу

Сяржук Сыс, архіўнае фота

На актывіста праваабарончага цэнтру «Вясна» Сяргея Сыса завялі крымінальную справу і абвясьці яго ў вышук. Пра гэта праваабаронца даведаўся ад крыніц зь Беларусі.

«Мне паведамілі, што быў званок з крымінальнага вышуку, пра мяне пыталіся. Сказалі, што мяне ўжо і ў вышук абвясьцілі», — падзяліўся з svaboda.org праваабаронца Сяржук Сыс.

Паводле зьвестак праваабаронцы, яго вінавацяць паводле часткі 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці», учыненае ў групе асобаў або паўторна”), за што пагражае пакараньне да 7 гадоў зьняволеньня.

«Кажуць, што ў справе фігуруе яшчэ 12 чалавек. Ведаю пра аднаго зь іх, праваабаронцу Ігара Казьмерчака. А заведзеная справа за ўдзел ў праграмах «Плян „Б“ на „Белсаце“, якія выйшлі ў эфір 25 сакавіка і 1 красавіка 2024 году. Справу расьсьледуе гомельская ўправа Сьледчага камітэту. А прычым тут Гомель, чаму менавіта яны, ня ведаю. Расьсьледуюць у парадку спэцвядзеньня, што значыць завочна. Камэнтаваць тут яшчэ рана. Буду чакаць, што адбудзецца далей», — сказаў Сяржук Сыс.

Праваабаронца і паэт Сяржук Сыс мусіў выехаць зь Беларусі ўлетку 2021 году пасьля арышту ягоных калегаў-вясноўцаў. Цяпер Сыс жыве ў Вільні, дзе працягвае займацца праваабарончай дзейнасьцю і піша вершы.

svaboda.org