Прэзідэнтка ЕФЖ падтрымала палітвязынку Ларысу Шчыракову

Ларыса Шчыракова. Архіўнае фота

Мая Север напісала ліст салідарнасці падчас свайго знаходжання ў Вільні на конкурсе «Вольнае слова-2024».

Падтрымаць гомельскую палітвязынку папрасіў праваабаронца Леанід Судаленка, які і размясціў тэкст паслання ў сваіх сацсетках:

«Дарагая Ларыса! Для мяне вялікі гонар адправіць гэтае паведамленне табе. Калі ласка, ты павінна ведаць, што мы з табой, і я дасылаю моцную падтрымку і любоў!» – напісала Мая Север.

Былую журналістку Ларысу Шчыракову затрымалі ўвечары 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў доме. Яе сына адразу змясцілі ў прытулак, адкуль яго 23 снежня забраў былы муж з Навасібірска.

Ларысе Шчыраковай канчаткова прад’яўленыя абвінавачванні паводле артыкула 369–1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), часткі 1 і часткі 2 артыкула 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна). Яна асуджаная на 3,5 гады турэмнага зняволення. Цяпер Ларыса Шчыракова знаходзіцца ў гомельскай калоніі і працуе там швачкай.

Былая журналістка ўвайшла ў лік пераможцаў прэміі Free Media Awards за 2024 год, якую прысудзілі Фонд Fritt Ord і Фонд ZeitStiftungBucerius.

Візіт Маі Север у Вільню

10 верасня ў Вільні прайшла канферэнцыя «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання», арганізаваная Беларускай асацыяцыяй журналістаў. Адначасова прайшла ўрачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў конкурса «Вольнае слова-2024».

Мая Север у сваім выступе згадала пра чатырох прадстаўніц беларускай журналістыкі, якія знаходзяцца за кратамі: галоўнага рэдактара і менеджэра tut.by Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну, асуджаных да 12 гадоў пазбаўлення волі «за ўхіленне ад уплаты падаткаў, распальванне варожасці і заклікі да дзеянняў, накіраваных супраць нацыянальнай бяспекі»; журналістку «Белсата» Кацярыну Андрэеву, якая адбывае 8‑гадовае зняволенне па абвінавачванні ў «дзяржаўнай здрадзе»; журналістку Ларысу Шчыракову, асуджаную да 3,5 гадоў за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «дыскрэдытацыю Беларусі». 

Мая Север перажыла сацыялістычную дыктатуру, войны ў Харватыі і Босніі і Герцагавіне, усё сваё жыццё змагалася з цэнзурай і ціскам. Аднак нават журналісцы з такім каласальным жыццёвым і прафесійным вопытам «цяжка ўявіць усе жахі Беларусі», дзе супрацоўніцтва з БАЖ – прафесійным аб’яднаннем журналістаў чалавеку можа каштаваць 10 гадоў турмы.

baj.media