29 студзеня ў варшаўскім Касцёле Святога Аляксандра адбыўся канцэрт беларускіх музыкаў. Яны выканалі творы сусветнай класікі і партытуры сучасных беларускіх аўтараў. Адбылася ў нядзелю і прэм’ера – «Зоркі» Вольгі Падгайскай, якую кампазітарка напісала на верш Андрэя Хадановіча.
У канцэрце прынялі ўдзел мэца Вікторыя Савіч і барытон Сяргей Галавач, саксафаніст Віталь Дарашук, арганістка Вікторыя Куцько, а таксама хор Concordia.
«Мы адмыслова выбралі гэты касцёл, ён намолены, ён стаў беларускім, – падзялілася ўражаннямі ад выступлення мастацкі кіраўнік хору Concordia Галіна Казіміроўская. – У Менску ёсць Касцёл Святога Роха, і ўсе ведаюць, што там адбываліся канцэрты камернай, арганнай музыкі. І нам, музыкантам, вельмі не хапае такой вось сталай пляцоўкі. І вельмі прыемна, што Касцёл Святога Аляксандра, дзякуючы ксяндзу Вячаславу Барку, стане той кропкай, дзе кожную нядзелю ў адзін і той жа час можна будзе паслухаць беларускіх музыкаў».
Рэпартаж з канцэрта беларускіх музыкаў слухайце ў плёеры ніжэй: