Ён паведаміў пра гэта «Белсату». Мялешка быў вымушаны вярнуцца ў Польшчу разам з дачкою, калі іх не пусцілі ў Грузію.
Журналіста і яго малое дзіцё ўтрымлівалі ў аэрапорце Кутаісі 20 гадзінаў. Іх затрымалі ў ноч на 16 верасня, калі яны вярталіся ў Грузію пасля адпачынку ў Польшчы і Літве.
«Дачка была першая ў чарзе на пашпартны кантроль. Ёй праштампавалі пашпарт і вярнулі. У мяне пашпарт забралі. Я думаў, гэта зойме хвілін 10–15, бо заўсёды ёсць нейкія праблемы пры вяртанні. Але нас з дачкою адвялі ў асобны кабінет, дзе тры чалавекі выдалі нам на рукі паперку, у якой не было патлумачана, чаму нас не пускаюць на тэрыторыю Грузіі. У паперы пазначана “іншыя прычыны”, і супрацоўнікі кажуць, што не маюць права нам тлумачыць, чаму нас не пускаюць», – расказаў раней Андрэй Мялешка «Белсату».
Андрэй жыве ў Грузіі з 2021 года, ён з’ехаў туды пасля пераследу ў Беларусі. ВНЖ не афармляў, а раз на год выязджаў з краіны, каб «абнуліць» бязвізавае перабыванне:
«Апошнім часам рабіў гэта праз вылеты ў Еўропу. Што адбываецца, чаму не пусцілі, я не ведаю. Мне ніхто нічога не тлумачыць. Мяркую, што гэта можа быць звязанае з будучымі выбарамі, якія адбудуцца ў Грузіі».
Андрэй звязаўся з жонкай, якая разам з малодшай дачкой была ў Батумі. Жонка журналіста выехала ў аэрапорт Кутаісі, хацела забраць хаця б старэйшую дачку, аднак дзіця ёй не аддалі, паведамляла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Рэйс з Кутаісі ў Варшаву адкладалі некалькі разоў, у выніку затрымка склала амаль 10 гадзінаў. А перад тым, як у Менск меўся вылецець самалёт «Белавіі», узнікла небяспека таго, што журналіста прымусова выправяць у Беларусь.