Вольга Гарбунова сыходзіць з пасады прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Яе яна займала са снежня 2022-га. Адстаўку прыняла кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская.
“Гэта было няпростым рашэннем, якое я пэўны час абдумвала, і прыйшла да высновы, што хацела б працягнуць сваю дзейнасць не столькі ў палітычным, колькі ў гуманітарным рэчышчы для дапамогі палітзняволеным, — піша Гарбунова. — Я ўдзячная камандзе Кабінета і іншым структурам дэмакратычных сіл за супрацоўніцтва. Упэўненая, яно працягнецца, але для мяне ўжо ў іншай ролі”.
Яна загадзя папярэдзіла пра сваю адстаўку, таму ўжо прайшлі кансультацыі з патэнцыйнымі кандыдатамі на вызваленую пасаду. Неўзабаве стане вядома, каго прапануюць замест Гарбуновай.
Вольга Гарбунова — былая палітзняволеная, грамадская актывістка, былая кіраўніца арганізацыі “Радзіслава”, якая дапамагала жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту. У лістападзе 2021-га Гарбунову затрымалі ў Беларусі па падазрэнні ў арганізацыі жаночых маршаў у 2020 годзе. За кратамі яна амаль два тыдні трымала галадоўку. У траўні 2022-га за ўдзел у пратэстах Вольга Гарбунова была асуджана на тры гады “хатняй хіміі”. А ў канцы лета змагла з’ехаць за мяжу.