У нядзелю, 22 верасня, у грамадскай залі катэдральнага сабору імя с. Кірылы Тураўскага адбыўся гадавы сход нью-ёркскага аддзелу Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА). Быў пераабраны кіраўнік аддзелу, скарбнік, змяніўся склад рэвізійнай камісіі, ва Управе з’явіліся новыя чальцы. Напрыканцы сходу ўдзельнікі зацвердзілі спіс дэлегатаў на Кангрэс БАЗА, які адбудзецца праз месяц.
Сход пачаўся з абрання Прэзідыўму. У яго ўвайшлі: старшыня – Аляксандр Хомчанка, намеснік старшыні – Ганна Сурмач, сакратары – Надзея Шыкаловіч і Таццяна Траскоўская. Наступным крокам стала зверка ўпаўнаважанняў і выдача мандатаў. Традыцыйна, колькасць давераных пісьмаў перавысіла колькасць прысутных. Але гэта дазволіла мандатнай камісіі зацвердзіць неабходны кворум для легітымнага галасавання.
Падчас працы мандатнай камісіі, Надзея Шыкаловіч зачытала мінулагодні пратакол сходу. Са справаздачай выступіў Міхал Чаропка, які кіраваў аддзелам папярэдні год. За ім выступіў скарбнік Сяргей Кудзеліч, які распавёў пра фінансавы стан арганізацыі. Адразу пасля яго выступіла Ганна Сурмач і прапанавала прызнаць станоўчай дзейнасць мінулага саставу Управы аддзелу. Простым галасаваннем падняццём рукі дзейнасць была прызнаная станоўчай.
Затым адбыліся выбары новага складу Управы. Міхал Чаропка адмовіўся выстаўляць сваю кандыдатуру. Ён засяродзіцца на іншай дзейнасці аддзела. Тады Наталля Федарэнка, старшыня галоўнай Управы БАЗА, прапанавала вылучыць Сяргея Кудзеліча на пасаду старшыні аддзелу, а Аксану Пятрашка – яму ў намеснікі.
Ганна Сурмач, якая кіравала задзіночаннем раней, станоўча ахарактарызавала Кудзеліча і падтрымала яго.
Таемным галасаваннем Сяргей Кудзеліч быў абраны новым старшынём аддзелу БАЗА ў Нью Ёрку.
Новаабраны падзякаваў за давер, расказаў пра планы на наступны год і зачытаў новы спіс сяброў Управы. З залі прагучалі прапановы аб абнаўленні спісу, але канкрэтных прозвішчаў не было агучана. Агульным галасаваннем спіс быў зацверджаны.
Прысутны ў залі Аляксандр Ярмоліч з Брукліну падзяліўся сваімі ўражаннямі аб дзейнасці аддзелу БАЗА. Ён расказаў, што разам з сям’ёй намагаецца прысутнічаць на кожным мерапрыемстве. Такі выбарчы сход для яго быў ужо трэці. Дзейнасць актыву агранізацыі ён ацэньвае высока, асабліва ў такі складаны час.
Сяргей Кудзеліч, якога толькі абралі, расказаў газеце “Беларус”, што ён вельмі ўдзячны за аказаны яму давер чальцамі БАЗА. Ён ужо ўзначальваў аддзел на працягу трох гадоў, хоць і быў абраны толькі два разы – ўмяшалася пандэмія ў 2020 годзе. Сам ён адзначане, што хоць часу становіцца ўсё менш, але колькасць планаў толькі расце. Новай камандай ён задаволены, але было б добра, калі было б больш новых людзей, а значыць і больш мерапрыемстваў.
Такім чынам, новаабарныя сябры Управы БАЗА на 2024-2025гг.:
Старшыня – Сяргей Кудзелiч,
Намеснiк – Аксана Пятрашка,
Скарбнік -Таццяна Красоўская,
Сакратар- Надзея Шыкаловiч,
Чальцы – Ганна Сурмач, Андрусь Дундукоў, Наталля Федарэнка, Міхал Чаропка, Вадзiм Албут.
Рэвізійная камісія:
Старшыня – Юрый Козiнцаў,
Чальцы – Павел Стэльмах, Андрэй Малецкi