25 верасня адышоў у вечнасць Сяргей Нічыпарук – муж, бацька, дзед, грамадскі дзеяч, будаўнік драўлянай манастырскай царквы ў Залешанах.
Нарадзіўся ў 1949 годзе ў Залешанах, у сям’і, якую, закранула акцыя пацыфікацыі беларускіх вёсак Беласточчыны пры канцы студзеня – у пачатку лютага 1947 года атрадам польскага антыкамуністычнага падполля пад камандаваннем “Бурага”.
У 1980 годзе Сяргей Нічыпарук стаў старшынёю Кола Салідарнасці Індывідуальных Сельскіх Гаспадароў у Дубічах Царкоўных, адзінага кола створанага беларускімі сялянамі на Падляшшы. За гэта быў уганараваны ў 2020 годзе Крыжам Кавалерскім Ордэну Адраджэння Польшчы.
Пасля дэмакратычных пераменаў займаўся агратурыстычнай справай. Ягонае “Białowieskie Sioło” ведалі бадай усе турысты, якія наведвалі Белавежскую пушчу.
Быў выдатным цесляром і спецыялістам па драўляным будаўніцтве. Ягонымі высілкамі і фізічнымі, і фінансавымі ў Залешанах была ўзведзеная царква Св. Кацярыны і Падляшкіх Мучанікаў.
Сяргей Нічыпарук стаў героем фільму Юркі Каліны “Сярожа”, які 8 гадоў таму здымаў Белсат.
Паніхіда адбудзецца ў манастыры ў Залешанах.
Пятніца, 27 верасня, 18.00 – паніхіда.
28 верасня, субота, 9.00 – Боская Літургія, чын адпявання і праводзіны памерлага на могілкі ў Залешанах.
Воля сям’і – замест развітальных кветак ахвяраваць на іканастас у новай праваслаўнай царкве Святых Кацярыны і Падляшскіх Мучанікаў у Залешанах.