Партрэт Кацярыны Андрэевай з’явіўся на адкрыцці пасяджэння камітэта «Пісьменнікі ў няволі»

24 верасня адбылося пасяджэнне камітэта «Пісьменнікі ў няволі» PEN International. На адкрыцці былі сімвалічныя «Empty Chairs» («пустыя крэслы») для тых, чый голас не можа, але павінен гучаць. Адно з гэтых крэслаў — для журналісткі Кацярыны Андрэевай, піша Беларускі ПЭН.

Прэзідэнт Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай з партрэтам Кацярыны Андрэевай. Фота: https://t.me/PENBelarus

Кацярына Андрэева (Бахвалава) — журналістка, літаратарка, палітзняволеная. Аўтарка дакументальнай кнігі «Белорусский Донбасс» (2020, напісаная сумесна з мужам — журналістам Ігарам Ільяшам). У кнізе адлюстраваныя вынікі журналісцкага расследавання пра ўдзел беларусаў у баявых дзеяннях на Данбасе.

15 лістапада 2020 года Кацярына Андрэева вяла стрым з «Плошчы Перамен» у Мінску для тэлеканала «Белсат». Яна паказала  жорсткі разгон сілавікамі мірнай вулічнай акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Спачатку журналістцы прызначылі 7 сутак адміністрацыйнага арышту, але пасля адбыцця гэтага тэрміну на волю яна і яе калега Дар’я Чульцова так і не выйшлі — ім прад’явілі крымінальнае абвінавачанне паводле артыкула 342: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Да суда іх утрымлівалі ў СІЗА № 1, так званай «Валадарцы».

18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Бугук падтрымала патрабаванне прадстаўніцы пракуратуры Аліны Касьянчык і пакарала Кацярыну 2 гадамі пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму.

5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 гадоў пазбаўлення волі.

PEN International заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Кацярыны Андрэевай.

baj.media