Семінары па нейраілюстрацыі прайшлі ў сямі гарадах Польшчы для дзяцей беларускай дыяспары. Удзельнікі ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў стварылі сотні ўнікальных ілюстрацый, якія сталі асновай для анімацыйных фільмаў пра Францыска Скарыну, Усяслава Чарадзея, Анастасію Слуцкую, Віцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Ігната Дамейку.
Скарына — супергерой эпохі Адраджэння
Серыя пра Францыска Скарыну была эксперыментальнай. Тут дзеці не толькі стваралі ілюстрацыі, але і актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы сцэнарыя. У выніку ў гісторыі пра першадрукара апавядаецца, напрыклад:
● пра кошт кніг;
● пра тое, як Францыск атрымаў дыплом, ніводнага дня не адвучыўшыся ў Балонскім універсітэце;
● пра тое, што веды — гэта не проста сіла, гэта СУПЕРСІЛА.
— Мы збіралі тэкст як пазл. У дзяцей былі карткі з фрагментамі біяграфіі Скарыны і яго значнымі дасягненнямі, і яны самі выбіралі, якую інфармацыю яны хацелі б уключыць у сцэнар. У выніку абмеркавання мы прыйшлі да фармулёўкі, што веды — гэта не проста сіла, гэта СУПЕРСІЛА. А вобраз Скарыны ператварыўся ў своеасаблівага «супергероя эпохі Адраджэння», — дзеліцца Аляксандра, кіраўніца праекта «Дзеці для дзяцей».
Ілюстрацыі і анімацыя: погляд на гісторыю вачыма дзяцей
Калі візуалізацыі іншых гістарычных персанажаў, такіх як Усяслаў Чарадзей і Анастасія Слуцкая, выкананы ў класічным акварэльным стылі, то ўсе ілюстрацыі, створаныя для серыі пра Францыска Скарыну, вытрыманы ў яркіх фарбах коміксаў. Гэта было зроблена для таго, каб прадставіць гісторыю Беларусі ў фармаце, які будзе бліжэйшы і зразумелы юным удзельнікам.
— Мы далі дзецям выбар, каб яны маглі візуалізаваць гісторыю Беларусі ў той форме, якая ім зразумелая і цікавая. І, вывучаючы розныя мастацкія стылі ў нейраілюстраванні, дзеці галасавалі за тое, якім будзе мультфільм пра Скарыну. Хтосьці быў за дыснэеўскі стыль і анімэ, але большасць удзельнікаў выказаліся за «comic style». Калі шчыра, мы не чакалі такіх вынікаў, — дадае Аляксандра.
Партнёрства і далейшыя планы
Мультфільмы створаны ў межах праграмы «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» пры ўдзеле фонду «Цэнтр грамадскага дыялогу». У верасні мультфільмы былі прэзентаваны на розных пляцоўках і аўдыторыях. Гледачамі былі таксама дзеці з Украіны і Польшчы, а ўсе ўдзельнікі маглі паспрабаваць сябе ў ролі пачынаючага аніматара. У планах арганізатараў — мультфільмы пра агульную гісторыю, створаныя і расказаныя самімі дзецьмі.
Паглядзець ужо створаныя мультфільмы можна тут: YouTube-канал «Дзеці для дзяцей».