Частыя аблавы на “палітычных” у Лідзе маглі праводзіць на замову немца Дорнау

Ёрг Дорнау і Юрый Куніцкі — сузаснавальнікі фірмы “Цыбулька-Бел” / sb.by / sb.by

Нямецкія журналісты з MDR пагутарылі з былымі партнёрамі і супрацоўнікамі фермы Ёрга Дорнау. Нямецкі бізнесовец, уладальнік цыбульнай фермы пад Лідай, апынуўся ў цэнтры скандалу ў сувязі з выкарыстаннем працы палітвязняў на сваіх беларускіх плантацыях.

Высветлілася, што Дорнау быў зацікаўлены менавіта ў палітвязнях. Ён лічыў іх “больш цывілізаванымі”, чым “звычайных” зняволеных. Бізнесовец спадзяваўся, што яны будуць працаваць больш эфектыўна. Для забеспячэння рабочымі фермы Дорнау ў Лідзе рэгулярна ладзілі затрыманні паводле палітычных матываў.

“Спачатку былі звычайныя зняволеныя, якіх саджалі за ўжыванне алкаголю, напрыклад”, — расказвае чалавек, які меў непасрэднае дачыненне да бізнесу Дорнау ў Беларусі. Пазней працавалі толькі палітвязні. Яны “больш цывілізаваныя”, — патлумачыў суразмоўца выдання. MDR знайшоў таксама былога партнёра Дорнау, які расказаў, што ў Беларусі гэта звычайная практыка — выкарыстоўваць бясплатную працоўную сілу ў сваіх інтарэсах.

“Калі рабочая сіла была патрэбная, пачалі масава арыштоўваць людзей. Больш, чым дзе-небудзь яшчэ ў краіне. Звычайнае насельніцтва, рабочыя ў масавым парадку, у тым ліку з заводаў, былі арыштаваныя, каб кампанія Ёрга Дорнау магла атрымаць рабочых“, — расказаў мужчына. Выданне таксама адзначае, што высокапастаўлены лідскі чыноўнік “атрымаў вялікую выгаду ад нямецкага бізнесоўца”: яго павысілі ва ўзнагароду за тое, што ён прыцягнуў буйнога інвестара. Ён таксама ў прыватным парадку карыстаецца аўтамабілем, набытым кампаніяй Дорнау. 

У цяперашні час пракуратура Лейпцыга пачала папярэдняе расследаванне ў дачыненні да Ёрга Дорнау.

euroradio.fm