Кіраўніца АПК, а таксама дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова віншуюць з Сусветным днём настаўнікаў.
«Сёння выдатная нагода ўзгадаць настаўнікаў, якія вучылі нас крытычна мысліць, суперажываць блізкім і браць адказнасць за свае ўчынкі», — піша Святлана Ціханоўская.
Палітык адзначае, што ў сённяшніх умовах «выкладчыкам даводзіцца ўзважваць кожнае слова».
«Бо нават праз цытату кагосьці з беларускіх класікаў, якія раптам сталі экстрэмістамі, можна апынуцца ў турме. Ідэалогія і палітыка запоўнілі школы – і гэты ціск не дае вольна дыхаць і творча падыходзіць да працы. Настаўнікаў прымушаюць прыбраць «неблаганадзейныя» фотаздымкі з кабінетаў замежнай мовы. Выклікаюць у КДБ за ўдзел у чаце ўзаемадапамогі і настойваюць на справаздачах пра тое, што яны робяць падчас «фортак» у раскладзе. І гэта ўсе – на фоне звальненняў за скаргі аб нізкіх заробках і неабходнасці браць дадатковыя гадзіны, каб пракарміць сем’і.
Як вынік, дасведчаныя спецыялісты пакідаюць школы, маладыя настаўнікі не бачаць перспектывы ў прафесіі, а тыя, хто застаюцца – вымушаныя весці па некалькі прадметаў адначасова», — падкрэслівае кіраўніца АПК.
Святлана Ціханоўская кажа, што захапляецца беларускімі настаўнікамі, якія вучаць «не проста «адказваць па падручніку», а самастойна думаць, прымаць рашэнні і абараняць свае погляды».
«Я ведаю, як цяжка часам бывае з дзецьмі. Але я ганаруся вашай здольнасцю слухаць і чуць дзяцей – і даводзіць кожнаму беларусу і кожнай беларусцы, што яны з’яўляюцца Асобамі. Дзякуй вам і са святам!» — напісла палітык з нагоды Сусветнага дня настаўніка.
Дарадца кіраўніцы АПК па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова ў сваю чаргу падкрэсліла важнасць працы настаўнікаў ва ўмовах, калі адукацыя ў краіне прыносіцца ў ахвяру ідэалогіі і прапагандзе.
«Вам трэба паказваць навучэнцам каштоўнасць ведаў, у той час як у дзяржаве веды безаглядна прыносяцца ў ахвяру ідэалогіі і прапагандзе.
Вы імкняцеся развіваць у дзецях адкрытасць і давер да людзей, у той час як дзяржава пераследуе людзей за іншадумства і не выконвае ўласныя законы.
Вы хацелі б навучыць дзяцей цаніць культурную разнастайнасць свету і прывіць ім здольнасць да дыялогу, аднак рэжым аб’явіў ворагам увесь так званы «заходні свет».
Вы марыце, каб вашыя выпускнікі былі свабоднымі асобамі, якія паважаюць сябе і іншых, аднак дзяржава атачыла іх шчыльным колам ідэалагічных патрабаванняў і кантролю, мэта якіх адна – каб у дзяцей і моладзі назаўжды сфармаваўся «страх свабоды», — піша Таццяна Шчытцова і падкрэслівае, што на яе думку праца настаўнікаў зараз «самая важная і пры гэтым самая складаная».