Выйшла новая кніга Ганны Севярынец ”Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота”, якая ўяўляе сабой збор выбраных тэкстаў, якія друкаваліся ў часы беларусізацыі ўласна ў газеце “Савецкая Беларусь.”

“Асноўны яе змест — выбраныя артыкулы з газеты “Савецкая Беларусь” у 1925—1929 годзе. Я свядома не ўключала туды матэрыялы з першых палос, і там няма тагачаснай палітыкі. Ёсць — жыццё горада і вёскі. Лёсы простых людзей. Ёсць тагачасны крымінал. Ёсць — развагі пра беларусізацыю і нацыянальную культуру. Вы здзівіцеся, наколькі гэта надзённа”,падзялілся навіной аўтарка ў фэйсбуку.

У кнізе пяць алфавітных паказальнікаў. Асобны паказальнік — геаграфічныя назвы, і самых розных беларускіх мястэчак і вёсак у ім — некалькі соцень. Пра кожную з іх можна пачытаць тагачасны артыкул.

Да таго ж у кнізе ёсць вялікі архіўны дадатак: рэдакцыйная кніга загадаў, выбранае ліставанне з дзяржорганамі, а таксама ўспаміны наборшчыкаў і метранпажаў тагачаснай “Савецкай Беларусі”, то бок — тэхнічных газетных работнікаў, пра якіх заўсёды забываюць, калі гаворка ідзе пра газету.

У прадмове Ганна Севярынец расказвае гісторыю газеты і яе рэдактара Міхася Чарота.

Набыць кнігу “Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота” можна на фестывалі інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”, а таксама ў кнігарнях Варшавы і Вільні. Сярод іншага ў цэнтры Варшавы ў беларускай кнігарні “Чабор” (Oleandrów 6/2, папярэдне тэлефануйце або пішыце ў тэлеграм @veryvalaі). Інтэрнэт- вітрына https://czabor.sumupstore.com. Магчымая перасылка па Польшчы і усім свеце. Два разы на месяц ажыццяўляецца дастаўка кніг кур’ерам у Менск.

bellit.info